АДРЭ́ЗАК, сегмент (матэм.),

мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі або пунктамі A і B, разам з пунктамі A і B. Каардынаты адрэзка задавальняюць умовам a ≤ x ≤ b (a і b — каардынаты канцоў адрэзка).

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача інфармацыі паміж наземнымі пунктамі і касм. лятальнымі апаратамі (КЛА), паміж наземнымі пунктамі праз КЛА, а таксама паміж КЛА. Важнейшыя віды К.с.: радыёсувязь, радыёвяшчанне, сістэмы выратавання тых, што церпяць бедства, і вызначэнне месцазнаходжання аб’ектаў.

Асн. асаблівасці сістэм К.с. — высокая якасць перадачы і вял. прапускная здольнасць каналаў сувязі ў спалучэнні з вял. зонай абслугоўвання; дыяпазон частот ад соцень мегагерц да соцень гігагерц, а таксама аптычныя частоты (лазерная сувязь). Для К.с. паміж наземнымі пунктамі выкарыстоўваюцца ШСЗ, якія рухаюцца па эліптычных ці кругавых стацыянарных арбітах на малых, сярэдніх і вял. вышынях (гл. «Інтэлсат», Спадарожнікавая сувязь).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯЛІ́НІЯ,

авіятраса, паветраная лінія, зацверджаны маршрут рэгулярных палётаў пасаж. і грузавых самалётаў, верталётаў паміж вызначанымі пунктамі з адпаведнай яму прасторай над паверхняй зямлі (паветр. калідорам), у межах якой ажыццяўляецца палёт. Адрозніваюць авіялініі міжнародныя і ўнутраныя, у т. л. магістральныя і мясцовыя. Авіялініі забяспечваюцца аэрадромамі, наземнымі радыёнавігацыйнымі пунктамі, сродкамі кантролю і кіравання паветр. рухам. Гл. таксама Паветраны транспарт.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКАСЦЬ,

найпрасцейшая паверхня, адно з асноўных геам. паняццяў. У геаметрыі бярэцца як зыходнае і не вызначаецца.

Уласцівасці П. апісваюцца аксіёмамі, напр.: П. — паверхня, якая змяшчае кожную прамую, што злучае 2 яе пункты; П. — геам. месца пунктаў, роўнаадлеглых ад двух дадзеных (паводле М.​І.​Лабачэўскага). Становішча П. ў прасторы вызначаецца 3 пунктамі, якія не належаць адной прамой. П., суадносіны паміж пунктамі і прамымі якой задавальняюць сістэму аксіём эўклідавай геаметрыі, наз. эўклідавай. Уласцівасці фігур на эўклідавай П. вывучае планіметрыя.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎНЫ ЛІК,

рэчаісны лік, меншы за 0, напр., -2; -0,5 і г.д. На лікавай прамой адлюстроўваецца пунктамі злева ад пачатку адліку (ад 0). Гл. таксама Дадатны лік.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́ТНЫ ЛІК,

рэчаісны лік, большы за нуль, напр. 1, 2, 6, 5. На лікавай восі адлюстроўваецца пунктамі, размешчанымі ўправа ад пачатку адліку (ад нуля). Гл. таксама Адмоўны лік.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІЛЕ́ГЛЫЯ ЛІ́КІ,

два лікі, сума якіх роўная нулю. Напр., 7 і −7, 2+i і −2−i. Нуль — адзіны лік, процілеглы самому сабе. На камплекснай плоскасці П.л. адлюстроўваюцца пунктамі, сіметрычнымі адносна пачатку каардынат.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,

найменшая адлегласць паміж пунктамі сінусаідальнай хвалі, якія вагаюцца ў аднолькавай фазе (зрух фаз роўны 2π). Д.х. α звязана з частатой v і фазавай скорасцю хвалі c суадносінамі: λ = ​c/ν. Гл. таксама Хвалі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ПЛО́СКАСЦЬ,

эўклідава плоскасць, дапоўненая бясконца аддаленымі (няўласнымі) пунктамі, якія належаць бясконца аддаленай прамой. У больш агульным сэнсе П.п. — сукупнасць двух мностваў элементаў (пунктаў і прамых), якія падпарадкоўваюцца патрабаванням аксіём праектыўнай геаметрыі. Гл. Праектыўная прастора.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХБАКО́ВАЯ СУ́ВЯЗЬ,

спосаб электрасувязі, пры якім абмен інфармацыяй паміж двума пунктамі (ці карэспандэнтамі) ажыццяўляецца ў абодвух напрамках. Д.с. бывае: дуплексная сувязь, паўдуплексная (аўтаматызаваны пераход прыём—перадача) і сімплексная сувязь. Рэалізуецца шляхам частотнага, часавага ці інш. раздзялення сігналаў прамога і адваротнага напрамкаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)