Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАМПАЗЁР (ад франц. décomposer раствараць, драбіць),
апарат для вылучэння крышталічнага гідраксіду алюмінію (гл.Алюмінію злучэнні) з раствору алюмінатаў.
Д. З мех. перамешваннем — стальны цыліндрычны чан (да 0,4 м³), унутры якога круціцца ланцуговая мяшалка, каб падтрымліваць часціцы затраўкі (служаць цэнтрамі крышталізацыі) у завіслым стане. Д. з паветраным перамешваннем (умяшчальнасць да 3000 м³) пашыраны ў вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду). Д. злучаюцца паслядоўна ў секцыі (па 10—15 апаратаў), у галаўныя Д. бесперапынна падаецца затраўка, з хваставых адбіраецца гатовая гідратная пульпа. Выкарыстоўваюцца пераважна ў каляровай металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУМПФ (ням. Sumpf),
1) назапашвальная ёмістасць для вады ці гідрасумесі, якія потым перапампоўваюцца землясосам, вуглясосам ці інш. Пры рабоце з гідраманіторам З. — заглыбленне на пляцоўцы ўступа, куды падаецца пульпа з забою; пры рабоце з экскаватарам і гідратранспартам — бункер-змяшальнік, куды парода падаецца ад экскаватара, а вада — з водаправоднай сеткі.
2) Частка шахтавага ствала (ці шурфа), заглыбленая ніжэй самага глыбокага эксплуатацыйнага гарызонту. Прызначана для збірання рудніковай вады, размяшчэння скіпа ці клеці на час пагрузачна-разгрузачных работ і інш. 3) Адстойнік для прамывачнага раствору пры разведвальным бурэнні.
4) Заглыбленне ў ніжняй частцы стаяка ліцейнай формы. Прызначана для змякчэння ўдару струменя металу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕВА́ТАР (ад гідра... + элеватар),
струменная помпа для перамяшчэння па трубаправодзе вадкасцей і гідрасумесей. Выкарыстоўваецца для транспартавання матэрыялаў на невял. (да некалькіх соцень метраў) адлегласці, пры гідрамеханізацыі горных і земляных работ, для выдалення шламаў на абагачальных фабрыках, шлаку і попелу на электрастанцыях і ў кацельных і інш.
Дзеянне гідраэлеватара заснавана на прынцыпе перадачы энергіі аднаго патоку другому. Напорная вада з вял. скорасцю выцякае з насадкі ў камеру змешвання, дзе ствараецца разрэджванне і адбываецца ўсмоктванне матэрыялу. Утвораная гідрасумесь (пульпа) паступае ў дыфузар, які стварае напор і забяспечвае далейшае перамяшчэнне сумесі па трубаправодах. Гідраэлеватары простыя па канструкцыі і надзейныя ў рабоце, але маюць невял. ккдз (да 30%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.
Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш.тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.
Літ.:
Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.