Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́РНІК (Cystopteris),
род папарацей сям. качадыжнікавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў горных і лясных абласцях зямнога шара. На Беларусі П. ломкі (C. fragilis), які расце на глебава-грунтавых агаленнях берагоў рэк, азёр, яроў, у дубровах, і П. судэцкі (C. sudetica) — рэліктава-таежны від, занесены ў Чырв. кнігу, трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 10—35 см. Карэнішча ўкрыта рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце двойчы-тройчыперыстае з трохвугольнай пласцінкай. Сорусы размешчаны чаргавана на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухпалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.
Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб.стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.