ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне),

блефараптоз, апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАПТО́З (ад гастра... + птоз),

апушчэнне страўніка ніжэй за нармальнае яго месцазнаходжанне. Адрозніваюць гастраптоз канстытуцыянальны (ад нараджэння, або прыроджаны) і набыты. Прычынай канстытуцыянальнага бывае слабае развіццё падтрымліваючага звязачнага і мышачнага апарата страўніка, набытага — яго аслабленне ці расцяжэнне пры працяглых цяжкіх фіз. нагрузках, рэзкім схудненні арганізма, паўторных цяжарнасцях. Выяўляецца непастаянным адчуваннем цяжару пад лыжачкай у верт. становішчы, уздуццямі жывата, адрыжкамі. Зрэдку ўзнікае неабходнасць хірург. лячэння.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)