А́ПІС,

у егіпецкай міфалогіі бог урадлівасці. Цэнтр культу Апіса — г. Мемфіс, дзе ён лічыўся душой бога Мемфіса Птаха і бога сонца Ра. Жывым увасабленнем Апіса быў чорны бык з белымі меткамі на лбе, якога трымалі ў асобным памяшканні, памерлага бальзаміравалі і хавалі ў спец. склепе Серапеўме.

Апіс. Бронза. 7 ст. да н.э.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ХМЕТ, Сахмет («магутная»),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня вайны і пякучага сонца. Яе ўяўлялі жанчынай з галавой ільвіцы (свяшчэнная жывёла С.). Цэнтр культу — г. Мемфіс. Паводле міфаў, С. — дачка Ра (яго грознае вока), жонка Птаха (бог г. Мемфіс), маці Нефертума (бог расліннасці). Яна знішчае ворагаў Ра і Асірыса, а ў міфе аб пакаранні богам Ра чалавечага роду за грахі вынішчае людзей. Разам з тым лічылася багіняй-лекаркай і апякункай урачоў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)