ПАНПСІХІ́ЗМ (ад пан... + psychē душа),

вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды. Гіст. формы П. ад недыферэнцыраванага анімізму першабытных вераванняў і гілазаізму стараж.грэч. натурфіласофіі да развітых вучэнняў пра душу і псіхічную рэчаіснасць як сапраўдную і адзіную сутнасць свету (канцэпцыя манады Лейбніца, філас. ідэі ням. псіхафізіка 19 ст. Г.​Т.​Фехнера, вучэнне псіхолага К.Г.Юнга і інш.).

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.9.1919, в. Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1997),

бел. матэматык. Д-р пед. н. (1987), праф. (1990). Скончыў БДУ (1950). З 1961 у БДУ. Навук. працы па дыдактыцы матэматыкі, пытаннях методыкі выкладання матэматыкі. Распрацоўваў псіхолага-пед. асновы дыдактыкі матэматыкі.

Тв.:

Психолого-педагогические основы дидактики математики. Мн., 1977;

Дидактика математики. 2 изд. Мн., 1982.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 11, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т АДУКА́ЦЫІ.

Засн. ў кастр. 1929 у Мінску як НДІ педагогікі і педалогіі. З 1931 НДІ камуніст. выхавання, з 1934 НДІ школьнай педагогікі, з 1940 НДІ школ, з 1951 НДІ педагогікі, з 1990 БелНДІ адукацыі, з 1993 Нац. ін-т адукацыі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па педагогіцы (дыдактыка, тэорыя і методыка выхавання, дэфекталогія), псіхалогіі, культуралогіі, філасофіі, эканоміцы і гісторыі адукацыі; распрацоўка стандартаў адукацыі, тэарэтыка-метадалаг. праблем нац. сістэмы непарыўнай адукацыі і выхавання, навукова-метадычнага забеспячэння навучання, выхавання і развіцця асобы; даследаванне праблем псіхолага-пед. рэабілітацыі, сац.-прававой абароны і спецыфікі навучання і выхавання ва ўмовах радыяцыйнага забруджання і інш. экстрэмальных сітуацый; распрацоўка праблем навучання і выхавання навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця, праблем дыягнастычнага забеспячэння, прафарыентаваных і прафадаптаваных методык і інструментарыя па адбору навучэнцаў для дыферэнцыраванай агульнай, профільна-прац. і прафес. адукацыі; даследаванне праблем псіхолага-пед. адукацыі бацькоў і насельніцтва, параўнальнай адукацыі ў краінах замежжа; падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі навукова-пед. кадраў, у т. л. магістраў, канд. і д-роў навук.

В.​У.​Чэчат.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯКО́ВА (Таццяна Дзмітрыеўна) (н. 12.6.1953, Мінск),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1973). З 1977 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь (у 1993—99 заг. кафедры), у 1997—2000 дырэктар НДІ фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па псіхолага-пед. праблемах спорту, фіз. рэабілітацыі насельніцтва і аздараўленчай фізкультуры. Аўтар навуч. дапаможнікаў па тэорыі і методыцы стралк. спорту, падрыхтоўкі спецыялістаў па фіз. рэабілітацыі для лячэбных і лячэбна-прафілакт. устаноў.

т. 12, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГА́ЙДЭНС»

(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),

псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЧЭ́НКА (Галіна Гаўрылаўна) (20.1.1924, в. Бярозаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1993),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1954), праф. (1983). Скончыла Астраханскі (1945) і Ленінградскі (1948) пед. ін-ты. З 1948 у Мін-ве асветы БССР. У 1953—93 у Бел. пед. ун-це (з 1966 заг. кафедры). Навук. працы па псіхолага-пед. асновах дашкольнага выхавання і праблемах адукацыі дашкольнікаў.

Тв.:

Задачи и упражнения по дошкольной педагогике. 2 изд. М., 1970 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Развитие детей 6—7 лет и подготовка их к школе. 2 изд. Мн., 1982;

Педагогические ситуации в дошкольной педагогике. Мн., 1984;

Aufgaben und Übungen zur Vorschulpadagogik. 5 Aufl. Berlin, 1986 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Ситуативные задачи в педагогике. Мн., 1990.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙМС ((James) Генры) (15.4.1843, Нью-Йорк — 28.2.1916),

амерыканскі пісьменнік. Брат філосафа і псіхолага У.Джэмса. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це. З 1875 жыў у Англіі. Сябраваў з І.​Тургеневым, творчасць якога (а таксама Н.​Хотарна) паўплывала на фарміраванне эстэт. поглядаў Дж. Аўтар больш як 20 раманаў, у т. л. «Амерыканец» (1877), «Вашынгтонская плошча» (1880), «Жаночы партрэт» (1881), «Бостанцы» (1886), «Нязручны ўзрост» (1899), «Залатая чаша» (1904), аповесцей, у т. л. «Дэйзі Мілер» (1879), «Урок майстра» (1892), літ.-крытычнага даследавання «Майстэрства рамана» (1834), больш за 100 апавяданняў, а таксама п’ес, навел і эсэ. Дж. разважаў над узаемаадносінамі Новага і Старога свету (амер. і еўрап. культ. традыцыямі), вытокамі нац. амер. менталітэту. Яго прозе ўласцівы прытчавасць, сімвалічная абагульненасць вобразаў, рэфлексіўнасць.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1979;

Повести и рассказы. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці развіцця чалавека ў працэсе навучання і выхавання, распрацоўвае псіхал. асновы гэтага працэсу. Як самастойная галіна ведаў пачала складвацца ў сярэдзіне 19 ст., а інтэнсіўна развівацца з 1880-х г. Тэрмін прапанаваў П.​Ф.​Капцераў у 1874. У структуру П.п. ўваходзяць: псіхалогія выхавання (вывучае змест матывацыйнай сферы асобы дзіцяці, яе накіраванасць, каштоўнасныя арыентацыі, маральныя ўстаноўкі, адрозненні ў самасвядомасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў розных умовах і інш.); псіхалогія навучання (даследуе развіццё пазнавальнай дзейнасці асобы ва ўмовах сістэматычнага навучання); псіхалогія настаўніка (вывучае псіхал. аспекты фарміравання прафес. пед. дзейнасці і тыя асаблівасці асобы, якія спрыяюць або перашкаджаюць гэтай дзейнасці). Вынікі псіхолага-пед. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры канструяванні зместу і метадаў адукацыі, стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і карэкцыі псіхічнага развіцця асобы. Гл. таксама Псіхалогія.

Літ.:

Стоунс Э. Психопедагогика: Пер. с англ. М., 1984;

Менчинская Н.А. Проблемы учения и умственного развития школьника. М., 1989.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАНІТА́РНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у галіне гуманіт. (грамадскіх) навук. Структура гуманітарнай адукацыі вызначаецца традыцыямі адукацыі і выхавання, якія склаліся ў канкрэтных супольнасцях. У краінах Зах. Еўропы і ЗША да гуманіт. дысцыплін адносяць гісторыю, філасофію, рэлігіязнаўства, л-ру, выяўл. мастацтва, музыку, замежную і родную мовы, а таксама сац. навукі (псіхалогію, эканоміку, сацыялогію, антрапалогію, лінгвістыку, паліт. дысцыпліны). У Беларусі і ў інш. краінах СНД гуманітарная адукацыя трактуецца больш расшырана — як сац.-гуманітарная ці гуманітарная і сац.-эканамічная. Змест гуманітарнай адукацыі вызначаецца сукупнасцю навук, якія дазваляюць чалавеку пазнаць самога сябе, навакольнае асяроддзе, шляхі развіцця грамадства з улікам яго культ.-гіст. спадчыны. У сістэме адукацыі Беларусі сац.-гуманіт. падрыхтоўка ахоплівае гіст., эканам., сац.-паліт., правазнаўчыя, псіхолага-пед. дысцыпліны, родную і замежную мовы. У ліку асн. тэндэнцый рэфармавання адукацыі прадугледжваецца гуманізацыя (змест гуманітарнай адукацыі павінен грунтавацца на антрапакультуралагічным падыходзе) і гуманітарызацыя (сістэма мер, праз якія рэалізуюцца высакародныя мэты і прынцыпы гуманіст. каштоўнасцей у навуч. працэсе).

А.​В.​Макараў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.​Хорні, Э.​Фром і інш.).

Літ.:

Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;

Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)