Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭ́СІЯ (ад лац. praecessio рух наперад),
1) рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.
Складаецца з уласнага вярчэння цела з вуглавой скорасцю Ω вакол восі OZ (O — нерухомы пункт) і вярчэння вакол восі OZ1 з вуглавой скорасцю
(ψ — вугал П.; гл.Эйлеравы вуглы). Адначасова могуць адбывацца нутацыйныя ваганні цела, пры якіх мяняецца вугал нутацыі θ (гл.Нутацыя). Калі ў час руху велічыні θ, Ω, ω пастаянныя, то П. наз. рэгулярнай; пры гэтым вось ΟΖ апісвае вакол восі ΟΖ1 прамы кругавы конус.
2) П. ў астраноміі — павольны рух восі вярчэння Зямлі па кругавым конусе, вось якога перпендыкулярная да плоскасці зямной арбіты, з перыядам поўнага абароту ≈ 26 000 г. З’ява П. Зямлі адкрыта Гіпархам і растлумачана І.Ньютанам. Яна абумоўлівае павольнае зрушэнне пунктаў веснавога і асенняга раўнадзенстваў, перамяшчэнне полюсаў свету паміж зоркамі, змену экватарыяльных і экліптычных каардынат нябесных цел. Адначасова з П. адбываюцца нутацыйныя ваганні зямной восі. Гл. таксама Гіраскоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РМАРА ПРЭЦЭ́СІЯ,
прэцэсія аднолькавых зараджаных часціц (напр., электронаў у атаме) у пастаянным аднародным слабым магн. полі. Апісана Дж.Лармарам у 1895. Пакладзена ў аснову класічнай тэорыі дыямагнетызму, тлумачэння Зеемана з’явы і магн. вярчэння плоскасці палярызацыі.
Абумоўлена ўздзеяннем на часціцы Лорэнца сілы; падобная на прэцэсію восі гіраскопа пад уздзеяннем сілы, якая імкнецца павярнуць вось вярчэння. Л.п. адбываецца вакол напрамку магн. поля з вуглавой скорасцю ωL (лармараўская частата), якая вызначаецца. па формуле ωL = qB/(2m), дзе q — зарад, m — маса і q/m — удзельны зарад часціцы, B — індукцыя магн. поля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,
умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс. гадоў — прэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.
англійскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1892). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1879), дзе і працаваў у 1885—1932 (з 1903 праф.). Навук. працы па электроннай тэорыі, электрадынаміцы рухомых асяроддзяў, матэм. фізіцы. Адкрыў прэцэсію электронаў у слабым магн. полі (1895; гл.Лармара прэцэсія). Незалежна ад Х.А.Лорэнца атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл.Лорэнца пераўтварэнні) і закон складання скарасцей (1900). Яго манаграфія «Эфір і матэрыя» (1900) адыграла значную ролю ў развіцці электрадынамікі.
Літ.:
Спасский Б.И. История физики. 2 изд. М. 1977. Ч. 2. С. 164—166.
адносіны магнітнага моманту элементарных часціц і сістэм, што складаюцца з іх (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.), да іх моманту імпульсу (мех. моманту).
М.а. для розных станаў атамных сістэм вызначаюцца формулай: γ = gγ0, дзе g — Ландэ множнік, γ0 — адзінка М.а. У выпадку арбітальнага руху электрона ў атаме γ0 = −e/2mec, для спіна электрона γ0 = −e/mec, для атамных ядраў γ0 = −e/2mpc, дзе e — элементарны эл. зарад, me і mp — маса электрона і пратона адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. М.а. вызначаюць ўздзеянне знешняга магн. поля на сістэму, якая мае магн. момант, і выкарыстоўваецца, напр., у квантавых магнітометрах з прэцэсіяй намагнічанасці мікрачасціц для вызначэння магн. індукцыі знешняга поля. Гл. таксама Лармара прэцэсія, Магнетон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ О́ПТЫКА,
раздзел нейтроннай фізікі, які вывучае хвалевыя ўласцівасці нейтронаў і працэсы распаўсюджвання нейтронных хваль у рэчывах і палях.
У адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам нейтрон можа паводзіць сябе як часціца з энергіяй E і імпульсам або як хваля з частатой
, даўжынёй хвалі λ = 2πh/p і хвалевым вектарам
, дзе h — Планка пастаянная. Хвалевыя ўласцівасці найб. выяўлены ў нейтронаў з малымі кінетычнымі энергіямі (гл.Павольныя нейтроны). Гэтымі ўласцівасцямі тлумачыцца пераламленне і адбіццё нейтронных пучкоў на мяжы падзелу двух асяроддзяў, поўнае адбіццё (пры пэўных умовах) ад мяжы падзелу, дыфракцыя на неаднароднасцях асяроддзя і на яго перыядычнай структуры. Для некаторых рэчываў пры адбіцці і пераламленні назіраецца палярызацыя нейтронаў, што вельмі падобна на ўзнікненне кругавой палярызацыі святла ў аптычна актыўных асяроддзях. У рэчывах, дзе спіны ядраў арыентаваны (палярызаваны) у адным напрамку, назіраецца ядз.прэцэсія нейтронаў, абумоўленая ядз. псеўдамагн. полем (гл.Ядзерная оптыка). Калі даўжыня хвалі нейтрона параўнальная з адлегласцю паміж атамамі (ядрамі) крышталёў, назіраецца дыфракцыя нейтронаў, аналагічная дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.
На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.о. праводзяцца ў НДІядз. даследаванняў пры БДУ.
Літ.:
Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;
Барышевский В.Г. Ядерная оптика поляризованных сред. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСКО́П (ад гіра... + ...скоп),
сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.
Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл.Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл.Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл.Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.
Літ.:
Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;
Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;
Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.
А.І.Болсун.
Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.