А́КТЫ ЛІТО́ЎСКА-РУ́СКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Литовско-Русского государства»,
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі ВКЛ 14—16 ст. Выдадзены ў Маскве (вып. 1, 1899; т. 2, 1897) М.В.Доўнар-Запольскім. Змешчаны дакументы на старабел. і лац. мовах з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага: прывілеі гарадам на магдэбургскае права, велікакняжацкія граматы на землі, інвентары, матэрыялы Віленскіх 1563 і 1565, Гарадзенскіх 1567 і 1568, Люблінскага 1569 вальных соймаў, апісанне межаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1523, попіс гарадоў ВКЛ з указаннем колькасці воінаў, адпраўленых імі на вайну (каля 1513), кантракты на арэнду велікакняжацкіх мытняў, корчмаў, прыходна-расходныя кнігі велікакняжацкіх пісараў, уставы сялянам гаспадарскіх уладанняў.
В.Ф.Голубеў.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ»,
«Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...», найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
С.М.Ходзін.
т. 5, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)