ЗЯЛЁНКА (Tricholoma flavovirens),

шапкавы базідыяльны грыб роду радоўка сям. радоўкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце вял. групамі ў сухіх хваёвых лясах на пясчанай глебе. Пладаносіць у вер.кастр. (лістападзе).

Шапка дыям. 3—10 см, пукатая, потым плоская, ліпкая, валакністая, жаўтавата-зялёная, у цэнтры бураватая, па краі звычайна растрэскваецца. Мякаць шчыльная, жаўтаватая, з прыемным смакам і мучным пахам. Гіменафор прырослы. Пласцінкі шырокія, выемчатыя, жаўтавата-зялёныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, падоўжана-валакністая, дробналускаватая, аднаго колеру з шапкай. Ядомая (спажываецца свежая, марынаваная, салёная).

Зялёнка.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).

Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры верацёнападобнападоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.

Жоўцевы грыб.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЯКІ́ (Suillus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. Каля 50 відаў, усе ядомыя. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў М.: балотны (S. flavidus), летні, або зярністы (S. granulatus), лістоўнічны (S. grevillei), позні (S. luteus), шэры (S. aeruginascens). Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца з мая па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, гладкая, ліпка-слізкая, белаватая, шараватая, бурая, жоўтая, жоўта-бурая. Ножка суцэльная, цыліндрычная, часта з кольцам. Спараносны слой трубчасты, прырослы. Мякаць тоўстая, мяккая. з прыемным пахам і смакам. Споры эліпса-верацёнападобныя, гладкія, светлыя, жаўтавата-бураватыя.

С.​С.​Колас.

Маслякі: 1 — шэры; 2 — лістоўнічны; 3 — позні; 4 — летні.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)