ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),
прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.
т. 13, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Р у праграмаванні,
машынная праграма для назірання, кантролю або праверкі аперацый у сістэме апрацоўкі даных. Адрозніваюць М. раздзялення часу, рэальнага часу, віртуальных машын, вызначэння прадукцыйнасці ЭВМ, кантрольны М. (для запуску тэстаў), фонава-аператыўны (напр., для вываду інфармацыі на прынтэр адначасова з работай машыны па зададзенай праграме) і інш.
Можа быць часткай аперацыйнай сістэмы (выконвае функцыі дыспетчара) ці замяняе яе цалкам (сістэмны М.). Звычайна мае статус праграмы карыстальніка. У агульным выпадку ў праграмным забеспячэнні можа быць некалькі М., кожны з якіх выконвае свае спецыфічныя функцыі. напр., кіраванне трансляцыяй праграм, пакетам дастасавальных праграм, комплексам тэставых задач, дыялогавым рэжымам работы машыны і інш. М. у мовах праграмавання — сукупнасць аператараў для арганізацыі высокаўзроўневага механізму сінхранізацыі і ўзаемадзеяння працэсаў (у т. л. праграмных), які забяспечвае доступ да непадзельных рэсурсаў.
М.П.Савік.
т. 10, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)