ПЯЧКУ́Р (Gobio gobio),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў рэках і азёрах Еўропы і Азіі. Жыве невял. чародамі ў месцах з пясчаным або камяністым грунтам. На Беларусі нар. назвы: дудорга, келбук, коблік, курмель, піскіж, пяскар, стаўпец.

Даўж. да 22 см, маса да 80 г. Рот ніжні. У вуглах рота па вусіку. Па баках цела каля 10 чорных ці бурых плям. Корміцца бентасам. Аб’ект аматарскага лову, прынада для лоўлі драпежных рыб.

Пячкур.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НКА, вярхоўка (Leucaspius delineatus),

рыба атр. карпападобных. Пашырана ў басейнах Чорнага, Каспійскага мораў. У рэках паўд. ч. Балтыйскага м., на Беларусі ў рэках басейнаў Дняпра, Прыпяці, Нёмана, Зах. Дзвіны, Зах. Буга, у поймавых старыцах і азёрах Палесся. Чародная, жыве ў паверхневых слаях вады.

Даўж. 4—5, часам да 9 см. Палавая спеласць на 2-м годзе жыцця. Нераст парцыённы, пачынаецца ў 2-й пал. мая—чэрвені. Корміцца зоапланктонам, насякомымі, ікрой рыб. Жыве да 4 гадоў. Выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных відаў рыб.

Аўсянка.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ЛА (Іван Ільіч) (3.7.1918, с. Сцяпок Старадубскага р-на Бранскай вобл., Расія — 12.10.1999),

бел. пісьменнік, вучоны ў галіне протазаалогіі. Канд. вет. н. (1957). Скончыў Маскоўскі зоавет. ін-т (1947). Працаваў вет. урачом-эпізаатолагам у Старадубскім р-не, у Далёкаўсходнім НДІ. У 1962—79 у Бел. н.-д. вет. ін-це. Друкаваўся з 1947. Пісаў на рус. мове. Асн. тэмы твораў — сівая мінуўшчына («Прынада», 1982; «Аўсяны бунт», 1986), героіка грамадз. («Раскол», 1970; «Паўстанцы», 1980) і Вял. Айч. («Нізаўскія партызаны», 1962; «Вернасць», 1967) войнаў, праблемы сучаснасці («Настаччыны агледзіны», 1969; «Спакушэнне Гарпіны», 1971). Аўтар аўтабіягр. аповесці «Каранцін» (1989), п’ес, нарысаў.

Тв.:

Разбранница: Роман. М., 1992.

У.​А.​Жыжэнка.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎР (Янка) (сапр. Фёдараў Іван Міхайлавіч; 10.5.1883, г. Ліепая, Латвія — 3.8.1971),

бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1899 вучыўся ў Панявежскай настаўніцкай семінарыі, адкуль з апошняга курса выключаны за вальнадумства; у 1903 здаў экзамен экстэрнам. У 1903—06 настаўнічаў. У 1906 за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і трапіў пад нагляд паліцыі. З 1911 настаўнічаў у Мінску. У 1920-я г. працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, у рэсп. саюзе работнікаў асветы, Бел. дзярж. выд-ве. Друкаваўся з 1923. Аповесць «Чалавек ідзе!..» (1926—27) пра паходжанне чалавека. Ў апавяданнях «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Лацароні» і інш., у прыгодніцкіх аповесцях «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928) апавядаў пра экзатычныя краіны свету, антычалавечую сутнасць каланіялізму. Першы ў бел. л-ры прыгодніцкі раман «Амок» (1929) пра паўстанне на Яве, напісаны на матэрыяле, які атрымаў ад сяброў-эсперантыстаў. Тут шмат прыгод, таямнічага, загадкавага, апісана жыццё мясц. насельніцтва, прырода. Гумарам, дынамічнымі дыялогамі, элементамі прыгодніцкага жанру адметная аповесць «Палескія рабінзоны» (1930, паводле сцэнарыя М. экранізацыя 1935). «Аповесць будучых дзён» (1932) — першая ў бел. л-ры спроба ў жанры сац. утопіі. Аповесць «ТВТ...» (1934) пра цікаўных, дапытлівых і вынаходлівых школьнікаў. У творы паэтызацыя павагі да працы і добрых спраў. Асвойваў навук.-фантастычны і аўтабіягр. жанры. У 1927 апубл. казку «Вандраванне па зорках». Фантаст. аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954—55) прысвечана міжпланетным падарожжам. Сваёй асн. кнігай лічыў аўтабіягр. аповесць «Шлях з цемры» (ч. 1, нап. ў 1920, апубл. 1948, ч. 2 — у 1956, апубл. 1960, ч. 3 — 1957, апубл. 1975), дзе паказаў сваё дзяцінства, вучобу ў рамесным вучылішчы, у настаўніцкай семінарыі, раскрыў дыялектыку душы гал. героя. Глыбокім псіхалагізмам. вызначаюцца яго апавяданні «Бярозавы конь», «Яно», «Шчасце», «Максімка», «Завошта?». Аўтар п’есы «Памылка» (1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946). Рэдактар кн. «Ніколі не забудзем» (1948) — успамінаў дзяцей пра вайну. На бел. мову пераклаў паасобныя творы Дз.​Маміна-Сібірака, М.​Прышвіна, А.​Чэхава, Х.​К.​Андэрсена, Ж.​Верна, Р.​Кіплінга, М.​Твена і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. З 1993 прысуджаецца Літ. прэмія яго імя за лепшыя творы для дзяцей. Імем М. названа абл. дзіцячая б-ка ў Мінску.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1975—76.

Літ.:

Барсток М.М. Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. Мн., 1958;

Яфімава М. Янка Маўр: (Жыццё і творчасць). Мн., 1960;

Яеж. Цэлы свет — дзецям: Творчы партрэт Янкі Маўра. Мн., 1983;

Яеж. З верай у дзіцячае сэрца. Мн., 1983;

Рунец П. Чалавек з крылатай фантазіяй. Мн., 1979;

Миронов А.Е. Дед Мавр. [2 изд.]. Мн., 1983;

Гурэвіч Э.С. Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1983.

М.​Б.​Яфімава.

Я.​Маўр.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)