ПРАВАКА́ЦЫЯ (ад лац. provocatio выклік),
1) падбухторванне. прымушэнне асоб (груп, арганізацый) да ўчынкаў, якія выклікаюць цяжкія наступствы.
2) Дзеянні агентаў спец. службаў і інш. асоб, у т. л. правакатараў, накіраваныя на разгром або дыскрымінацыю варожых ці канкурыруючых арганізацый, партый і інш. 3) Агрэсіўныя захады з мэтай апраўдання ўмяшання ва ўнутр. справы інш. краіны. Можа ажыццяўляцца ў выглядзе нападаў на пагран. ахову, парушэння граніцы, захопу аб’ектаў, дыверсіі, тэракта, уварвання на тэр. дзяржавы, яе ўнутр. воды, паветр. прастору і інш.
т. 12, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
злачынныя пасяганні на палавыя адносіны і прынцыпы палавой маралі. Прыносяць шкоду здароўю і годнасці грамадзян, адносяцца да злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды асобы і караюцца ў адпаведнасці з нормамі крымін. заканадаўства. Падзяляюцца на злачынствы, накіраваныя супраць палавой свабоды дарослых (згвалтаванне, прымушэнне жанчыны да ўступлення ў палавую сувязь, гвалтоўная педэрастыя); злачынствы, накіраваныя супраць нармальнага палавога развіцця непаўналетніх (згвалтаванне непаўналетняй або малалетняй, палавая сувязь з асобай, якая не дасягнула палавой сталасці, распусныя дзеянні, педэрастыя з непаўналетнім). Найб. цяжкім з П.з. з’яўляецца згвалтаванне малалетняй, за якое вінаваты можа быць асуджаны да пажыццёвага зняволення.
т. 11, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПРАВАСУ́ДДЗЯ,
наўмысныя злачынствы, накіраваныя супраць дзейнасці дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя. Адрозніваюць злачынствы, што ўчыняюцца службовымі асобамі органаў правасуддзя і інш. дзярж. органаў, якія забяспечваюць ажыццяўленне правасуддзя, і З.с.п., што ўчыняюцца інш. асобамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь крымін. адказнасць настае за прыцягненне да крымін. адказнасці заведама невінаватага, умяшанне ў вырашэнне судовых спраў, вынясенне заведама неправасуднага прыгавору (рашэння, вызначэння, пастановы), заведама незаконныя арышт або затрыманне, прымушэнне да дачы паказання, за пагрозы ў адрас суддзі ці абразу яго, заведама лжывае паказанне, адказ сведкі або пацярпелага ад дачы паказанняў, выдачу звестак папярэдняга следства або дазнання, уцёкі з месца зняволення або з-пад варты, ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, невыкананне суд. рашэння, укрыццё злачынстваў або неданясенне пра злачынства і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ВО́ІНСКІЯ,
злачынствы супраць устаноўленага парадку нясення воінскай службы, якія ўчыняюцца ваеннаслужачымі Узбр. Сіл, а таксама ваеннаабавязанымі ў час праходжання імі збораў. Крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне, невыкананне загаду, супраціўленне начальніку або прымушэнне яго да парушэння службовых абавязкаў, пагрозу начальніку і гвалтоўныя дзеянні супраць яго, абразу падначаленым начальніка або начальнікам падначаленага, парушэнне статутных правіл паміж ваеннаслужачымі, самавольныя адлучка і пакіданне часці або месца службы, дэзерцірства, ухіленне ад воінскай службы праз членашкодніцтва ці інш. спосабам, прамотванне, страта, знішчэнне ці пашкоджанне ваен. маёмасці, парушэнне правіл абыходжання са зброяй, рэчывамі і прадметамі, што маюць павышаную небяспеку для навакольных, выдаванне ваен. тайны, злоўжыванне ўладай, перавышэнне або бяздзейнасць улады, самавольнае пакіданне поля бою, добраахвотная здача ў палон, марадзёрства, насілле над насельніцтвам у раёне ваен. дзеянняў, дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі і інш.
М.Р.Белавусаў.
т. 7, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)