АЛЯКСЕ́ЕНКА (Барыс Леанідавіч) (23.7.1910, г. Кіраваград, Украіна — 23.9.1944),

бел. акцёр. Вучыўся ў Адэскім муз.-драм. ін-це імя Бетховена (1929—31). Працаваў у 1-м Кіеўскім рабочым т-ры. З 1934 у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у БДТ-1. Выканаўца характарных роляў: Ясь («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча), Мацейка («Прымакі» Я.​Купалы ў спектаклі «Вечар камедый»), Фабіо («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРТ,

1) кароткае апавяданне пра смешнае здарэнне, займальны выпадак; жанр фальклору. У параўнанні з анекдотам. які высмейвае і сац.-палітычныя з’явы, у Ж. звычайна пацяшаюцца з асобных рыс і якасцей людзей, бытавых здарэнняў. Вызначаецца аднаэпізадычнасцю, нечаканай іранічнай развязкай.

Часта мае форму дыялогу.

2) Кароткая (аднаактовая) камічная п’еса, звычайна бытавога характару («Прымакі» Я.​Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча і інш.).

Публ.:

Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;

Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;

Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.

А.​С.​Фядосік.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Фёдар Мікалаевіч) (н. 20.9.1929, в. Гірсаўка Прыазоўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1954). Працуе ў Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных, камедыйных роляў: Трахім («Прымакі» Я.​Купалы), Зайчык («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Стары («Ладдзя роспачы» У.​Караткевіча), Белагубаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Настаўнік танцаў («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Цыба («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.​Шылера). Яго мастацтва вызначаецца мяккім лірызмам, дасціпнасцю, народнасцю і псіхалагізмам.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРВАШЭ́ВІЧ (Мікалай Фёдаравіч) (н. 10.10.1934, в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1961). З 1964 дырэктар Дома культуры ў Слоніме, адначасова рэжысёр, з 1967 і дырэктар нар. т-ра. З 1990 гал. рэжысёр і дырэктар Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.​Купалы (1993), «Лекі ад кахання» (1992) і «Каханне з падманам» (1995) паводле п’ес У.​Галубка «Пісаравы імяніны» і «Ветрагоны», «Хітрыкі бабы Ягі» А.​Якімовіча і «Чырвоная Шапачка» Я.​Шварца (1994).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЁНАК (Барыс Васілевіч) (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.​Алтухова і Б.​Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.​Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУНО́ВА (Людміла Васілеўна) (н. 13.8.1939, г. Новасібірск, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла студыю пры Астраханскім драм. т-ры (1961), у якім і працавала. З 1968 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Паланея, Альжбета («Прымакі», «Паўлінка» Я.​Купалы), Марыля («Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і І.​Папова), Ігнаціха («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Марфа («Дагарэла свечачка да палічкі» А.​Петрашкевіча), Насцёна («Жыві і помні» паводле В.​Распуціна), Юлечка, Ларыса («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.​Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Інеса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона).

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕЗДАЧО́ТАЎ (Мікалай Пятровіч) (27.11.1904, г. Пенза, Расія — 8.1.1985),

бел. акцёр. Нар. артыст Беларусі (1944). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1929). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (да 1977). Створаныя ім вобразы вызначаліся цэльнасцю, сац. акрэсленасцю, сцэнічнай выразнасцю і дакладнасцю: Алесь («Вайна вайне» Я.​Коласа), Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Ягор Булычоў, Сацін («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага). Сярод камедыйных роляў Трахім Сініца («Прымакі» Я.​Купалы), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), з класічнага рэпертуару Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Нешчасліўцаў («Лес» А.​Астроўскага), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра) і інш.

М.П.Звездачотаў.
М.Звездачотаў у ролі Ягора Булычова.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

адна з разнавіднасцей сацыяльна-бытавых песень. Вядомы многім народам. Асн. тэма песень — жыццё бедняка-прымака ў заможнай сям’і жонкі. Большасць іх пачынаецца са сцвярджэння: «А хто ў прымах не бываў, той гора не знае». П.п. не вызначаюцца складанасцю і багаццем сродкаў маст. выразнасці. Найб. пашыраны матыў П.п. — крыўда на скупую цешчу, лянівую і злосную жонку. Часам заканчваліся паказам, як прымакі з гора ідуць тапіцца. Выконваліся звычайна мужчынамі. У працэсе эвалюцыі сталі ўспрымацца як гумарыстычныя.

Публ.: Сацыяльна-бытавыя песні. Мн., 1987.

Літ.:

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬПЕ́РЫНА (Юдзіф Самойлаўна) (18.3.1914, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 12.4.1985),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—40), у абл. драм. т-рах Пінскім (1940—41, 1945—54) і Магілёўскім (1954—84). Выканаўца характарных роляў. Акрэсленасць і дакладнасць псіхал. распрацоўкі вобраза спалучаліся з яркім знешнім малюнкам. Сярод роляў: Агата, Паланея («Паўлінка», «Прымакі» Я.​Купалы), Насця («Несцерка» В.​Вольскага), Бабуля Ціханаўна («Даруй мне» К.​Губарэвіча), Лявоніха («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Негіна, Аксюша («Таленты і паклоннікі», «Лес» А.​Астроўскага), Нэнсі («Замак Броўдзі» паводле А.​Кроніна), Клара Цэханасьян («Візіт старой дамы» Ф.​Дзюрэнмата).

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НАВА (Кацярына Эдуардаўна) (18.11.1883, г. Орша Віцебскай вобл. — 15.1.1946),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1940). Творчую дзейнасць пачала ў 1898 на аматарскай сцэне ў Оршы. З 1920 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Вобразы, створаныя М., вызначаліся выразнай дасканаласцю сцэн. малюнка, эмацыянальным тэмпераментам, адчуваннем акрэсленага характару свайго персанажа. Сярод лепшых роляў: Паланея («Прымакі» Я.​Купалы), Паўліна («Канец дружбы» К.​Крапівы), пані Зямацкая («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), княгіня Прушынская («Панскі гайдук» Н.​Бываеўскага), Скрылёва («Гута» Р.​Кобеца), Яблонская («Міжбур’е» Дз.​Курдзіна), Галчыха («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Фядосся («Апошнія» М.​Горкага), Моця («Машачка» А.​Афінагенава), Марыя Львоўна («Неспакойная старасць» Л.​Рахманава), місіс Даджэн («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), пані Журдэн («Мешчанін у дваранах» Мальера) і інш.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)