АДВЕРБІЯЛІЗА́ЦЫЯ
(ад лац. adverbium прыслоўе),
пераход у прыслоўі словаформаў інш. часцін мовы, які абумоўлены іх сінтаксічнымі функцыямі і зменамі лексічнага і грамат. значэнняў Адвербіялізуюцца: назоўнікі ўскосных склонаў («прыехаць раніцай»), прыметнікі («прыбіраць збольшага»), лічэбнікі («працаваць удваіх»), займеннікі («адбылося па-нашаму»), дзеепрыметнікі («сказаць адкрыта»), дзеепрыслоўі («глядзець седзячы»), часціцы («плесціся абы-абы»), У выніку адвербіялізацыі канчаткі зменных часцін мовы ператварыліся ў прыслоўныя суфіксы, а прыназоўнікі, што ўжываюцца з рознымі склонавымі формамі, сталі прыстаўкамі прыслоўяў: «З боку вёскі даносіліся галасы» (І.Мележ), «Збоку, ля самай дарогі, ляжаў вялікі камень» (К.Чорны). Адвербіялізаваныя словаформы становяцца нязменнымі, набываюць новыя сінтаксічныя функцыі і сувязі, часам змяняюць месца націску («бе́гам — бяго́м», «кру́гам — круго́м») і інш.
І.Л.Бурак.
т. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯСЛО́Ў,
знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).
У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 6, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)