РАЗУМО́ВАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў і асноў светапогляду, развіццё мыслення і прывіццё культуры разумовай працы; адна з асн. частак усебаковага выхавання чалавека. З’яўляецца няспынным працэсам, які пачынаецца ў дашкольным узросце, актывізуецца ў працэсе адукацыі ў школе і інш. навуч. установах і самаадукацыі. У працэсе Р.в. актывізуецца і ўскладняецца разумовая дзейнасць, засвойваюцца і сістэматызуюцца веды; у сувязі з гэтым развіваюцца ўвага, назіральнасць, памяць, уяўленне, мысленне, мова, самастойнасць, уменне скарыстоўваць веды на практыцы і інш. Р.в. знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з інш. састаўнымі часткамі выхавання (гл. Самавыхаванне, Сенсорнае выхаванне, Фізічнае выхаванне, Эстэтычнае выхаванне).
т. 13, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),
старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял. пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш. Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.
т. 8, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)