Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЖЭ́ЎСКІ (Рамуальд Восіпавіч) (26.5.1839 — 1907),
матэматык. Д-р матэм. н. (1867). Скончыў Гродзенскую гімназію (1855), Маскоўскі ун-т, прайшоў навук. стажыроўку ў Парыжы. Прыват-дацэнт Маскоўскага ун-та (з 1869), выкладаў матэм. фізіку, распрацаваў і вёў спецкурс па геам. оптыцы. У 1872—73 выкладаў матэматыку ў гімназіях Варшаўскай навуч. акругі, у 1874—87 — у навуч. установах г. Уфа. З 1888 прыват-дацэнт Казанскага ун-та.
Тв.:
Об эллиптических интегралах 3-го вида. М., 1864;
О современном состоянии высшей оптики. Варшава, 1873.
В.А.Гапоненка.
т. 3, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРУ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (8.10.1882, Масква — 8.3.1950),
расійскі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1904), прыват-дацэнт (з 1909), праф. (з 1927) гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Супрацоўнік (з 1937), заг. сектара ў Ін-це гісторыі АН СССР (1940—50). Працы па гісторыі Расіі (пераважна 16—17 ст.), рус. каланізацыі і гіст. геаграфіі Сібіры, крыніцазнаўстве, гістарыяграфіі і інш.
Тв.:
Научные труды. Т. 1—4. М., 1952—59.
т. 2, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЎС (Іван Міхайлавіч) (16.5.1860, с. Лутавінава Варонежскай вобл., Расія — 16.5.1941),
расійскі гісторык-медыевіст, грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883), з 1890 прыват-дацэнт у ім. Праф. Вышэйшых жаночых курсаў (Бястужаўскіх) у Пецярбургу (1892—1918) і Пецярбургскага ун-та (з 1899). Аўтар «Нарысаў з гісторыі рымскага землеўладання» (1899), гістарыяграфічных прац пра В.Р.Васільеўскага (1899), А.Цьеры (1902), навук.-папулярнай кнігі «Тацыт» (апубл. ў 1946) і інш. Адзін з заснавальнікаў семінарскай сістэмы і экскурсійнага метаду ў рас. універсітэцкай адукацыі.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПА-ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (27.1.1863, с. Удачнае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 7.2.1919),
расійскі гісторык. Чл. Пецярбургскай АН (1899). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1886); з 1890 прыват-дацэнт (пазней праф.) гэтага ун-та. Прадстаўнік дзяржаўнай школы ў рас. гістарыяграфіі. Даследаваў скіфскія старажытнасці, эканам. лад сярэдневяковага Вял. Ноўгарада, гісторыю Маск. дзяржавы і Рас. імперыі 18—19 ст., уплыў «лаціна-польскай» адукаванасці Рэчы Паспалітай на рас. грамадскую думку 17—1-й чвэрці 18 ст.; публікаваў і аналізаваў гіст. крыніцы.
Тв.:
История русской общественной мысли и культуры, XVII—XVIII вв. М., 1990.
Дз.У.Караў.
т. 9, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Бруна) (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),
нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.
М.В.Пешкаў.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.7.1867, г. Вышні Валачок, Расія — 4.1.1939),
рускі і бел. філосаф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1890). Прыват-дацэнт Маскоўскага (1899—1903 і 1914—17), Казанскага (1904—12) ун-таў, праф. Самарскага (1918—21) ун-та і БДУ (1921—27). Даследаваў праблемы асацыятыўнай псіхалогіі, гісторыі філасофіі і культуры, логікі і метадалогіі навукі, светапоглядныя асновы і дыялектыку інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека. Перакладаў працы А.Бэна, У.Джэмса, Р.Дэкарта, Дж.С.Міля, У.Мінта і інш.
Тв.:
Движение к распространению университетского образования в России. М., 1900;
Ассоциационизм психологический и гносеологический. Ч. 1. Казань, 1909;
Методологическое введение в науку и философию. Т. 1. Мн., 1923.
т. 7, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬТЭР ((Volteris) Эдуард Аляксандравіч) (18.3.1856, Рыга — 14.12.1941),
літоўскі і латышскі гісторык, філолаг, этнограф, археолаг. Вучыўся ў Лейпцыгскім (1875—77) і Дэрпцкім (г. Тарту, 1877—80) ун-тах. У 1895—1918 прыват-дацэнт Петраградскага ун-та. У 1922—33 у Каўнасе праф. ун-та, дырэктар гар. музея. У канцы 1890-х г. разам з В.А.Шукевічам раскопваў стараж. могільнікі на Бел. Панямонні, збіраў археал. і этнагр. матэрыялы ў паўн.-зах. Беларусі. Адзін з першых біёграфаў Т.Нарбута. Паставіў задачу комплекснага вывучэння Нясвіжскай ардынацкай б-кі як помніка культуры.
Тв.:
Археологические коллекции частных лиц в Северо-Западном крае. Вильна, 1889;
О ятвягах // Ежегодник Русского антропологического о-ва при имп. С.-Петербургском ун-те. 1908. Т. 2.
т. 4, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАНО́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (13.3.1853, в. Вял. Лес Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1901),
філолаг-славіст. Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Магістр філалогіі (1882). У 1886—88 прыват-дацэнт Казанскага ун-та, у 1889—1901 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та. Аўтар прац па літ.-знаўстве, лінгвістыцы, палеагеаграфіі, гісторыі слав. моў: «Меркаванне праасвяшчэннага Парфірыя пра кірыліцу і глаголіцу» (1877), «Нататкі пра славенскую мову XV—XVI ст.» (1878), «Харвацкія летапісы ХV—XVI стст.» (1881), «Помнікі балгарскай народнай творчасці» (1882), «Разгляд дысертацыі П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і інш. Даследаваў сербскія, харвацкія, візант. і інш. помнікі як гіст. крыніцы.
Літ.:
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979.
т. 8, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ ((Вовк) Фёдар Кандратавіч) (17.3.1847, с. Крачкоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1918),
украінскі этнограф, антраполаг, археолаг. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэскім) і Кіеўскім ун-тах. За ўдзел ва ўкр. нац. руху цярпеў ганенні. У 1879—1905 у эміграцыі ў Францыі. З 1907 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. Удзельнічаў у выданні «Кабзара» Т.Р.Шаўчэнкі (Прага, 1876), «Матэрыялаў да ўкраінска-рускай этналогіі» (з 1899), якія выпускала Этнагр. камісія Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове. У працах «Антрапалагічныя асаблівасці ўкраінскага народа» і «Этнаграфічныя асаблівасці ўкраінскага народа» (абедзве 1916) адмаўляў агульнасць культур укр., рус. і бел. народаў, лічыў, што ўкраінцы па антрапал. прыкметах складаюць адзіны тып, які рэзка адрозніваецца ад антрапал. тыпу рускіх і беларусаў. Даследаваў палеаліт. Мезінскую стаянку.
т. 4, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)