ЛІТАРА́ЛЬ (ад лац. litoralis берагавы, прыбярэжны),
літаральная зона, зона марскога дна, якая затапляецца ў час прыліву і асушаецца пры адліве. Шырыня Л. ад некалькіх метраў да некалькіх кіламетраў (залежыць ад нахілу дна і амплітуды прыліўна-адліўных ваганняў). Часам у Л. уключаюць супралітараль і сублітараль. Л. на азёрах — прыбярэжная частка вадаёма, якая знаходзіцца пад уздзеяннем ветравых хваль, часам Л. лічаць падводную акумуляцыйную тэрасу ці спадзістую берагавую водмель, занятую доннай расліннасцю. Для Л. характэрны спецыфічны раслінны і жывёльны свет, прыстасаваны да перыяд. асушэння дна, багацця святла, інтэнсіўных рухаў вады (прыбой, хваляванні, цячэнні), рэзкіх сезонных і сутачных ваганняў т-ры і салёнасці вады. У Л. выяўлены карысныя выкапні (гл.Літаральныя адклады). Зона Л. вызначаецца багаццем фауны і флоры, асабліва ў трапічных морах. У вадаёмах Беларусі літаральная зона распасціраецца да глыбіні 2 м, зарастае воднай расліннасцю, трыснягом і чаротам, служыць месцам нерасту і кармлення рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій у зах.ч. Антарктыды. Уключае горы Антарктычнага п-ва і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай ч. і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса. Горы Антарктычнага п-ва даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. выш. да 4191 м (г. Джэксан); складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Ўсе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кімерыйскай і альпійскай эпох складкавасці. Горы Элсуэрт даўж. больш за 400 км, найб.выш. гор і мацерыка 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці. Паміж гарамі Элсуэрт і м. Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (пл. 500 тыс.км²) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найб.глыб. да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узр. м.Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найб.выш. 4181 м (г. Сідлі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці. Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне м. Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б.в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).
У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел.дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.І.Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.Я.Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац.маст. музея Беларусі.
В.Р.Анціпаў, Т.І.Чарняўская, У.М.Дзянісаў.
Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.Да арт.Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.