Прошча 8/583, 602

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ШЧА,

месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.​Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.​Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.​Пакроўскі, Е.​Раманаў, А.​Багдановіч, М.​Мялешка.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.

Тв.:

Знак аховы. Мн., 1983;

Галубіная пошта. Мн., 1987.

Літ.:

Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.

У.П.Някляеў.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)