Процівагаз 1/131; 5/12, 92; 8/580—581 (іл.); 9/267

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІВАГА́З,

прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.​Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.

Процівагаз. а — фільтравальны; б — кіслародны ізалявальны (1 — шлем-маска; 2 — клапанная каробка; 3 — гапкалітавы патрон; 4 — злучальная трубка; 5 — процівагазная каробка; 6 — вугаль-каталізатар; 7 — ватная пракладка; 8 — процідымны фільтр; 9 — балон з кіслародам; 10 — дыхальны мяшок; 11 — рэгенератыўны патрон).

С.​А.​Акружко.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛІ́НСКІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (6.2.1861, г. Ціраспаль, Малдова — 31.7.1953),

расійскі сав. хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў вучэння аб арган. каталізе. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1924), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Новарасійскі ун-т (1884, Адэса) і працаваў там з 1888. Удасканальваў адукацыю ў Германіі (1884—88). З 1893 праф. Маскоўскага ун-та (акрамя 1911—17), адначасова (з 1935) у Ін-це арган. хіміі АН СССР, які зараз носіць яго імя. Навук. працы па хіміі вуглевадародаў нафты, арган. каталізе, хіміі бялку і амінакіслот. Атрымаў шэраг гамолагаў тыяфену (1887), цыклапентану і цыклагексану (1895—1900). Адкрыў метад сінтэзу α-амінакіслот з альдэгідаў ці кетонаў (рэакцыя З.—Стаднікава, 1906), з’явы дэгідрагенізацыйнага і неабарачальнага каталізу (1910—11). Стварыў вугальны процівагаз (1915). Распрацаваў метады абяссервання бензінаў і газы, ажыццявіў працэсы каталітычнай і пірагенетычнай араматызацыі нафты. Першы ў СССР пачаў работы па атрыманні хларапрэнавага каўчуку (1932, разам з М.С.Казловым). Прэмія імя У.​І.​Леніна (1934). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1948.

Тв.:

Избр. труды. М., 1968.

Літ.:

Зелинский А.Н. Академик Н.​Д.​Зелинский. М., 1981;

Нилов Е. Зелинский. М., 1964.

М.​Дз.Зялінскі.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)