Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТЭРАНДРЫ́Я, пратандрыя (ад прота... + грэч. andreios мужчынскі),
выспяванне пыльнікаў раней за рыльцы песцікаў у кветках (напр., у складанакветных, парасонавых). Перашкаджае самаапыленню. Гл. таксама Протэрагінія.
т. 13, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТА..., прота... (ад грэч. prōtos першы), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) першапачатковы, першасны, напр., пратадэрма, пратаплазма, протарэнесанс, 2) старшынство ў царкоўным чыне, напр., протадыякан, протапрэсвітэр.
т. 13, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАПРЭСВІ́ТЭР (ад прота... + прэсвітэр),
найвышэйшы сан белага (жанатага) духавенства ў правасл. цэрквах, які даецца як узнагарода за выслугу гадоў і заслугі перад царквой. Званне прысвойваецца, як правіла, настаяцелям кафедральных сабораў і гар. цэркваў.
т. 13, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАРЭНЕСА́НС (ад прота... + Рэнесанс),
этап у гісторыі італьян. мастацтва 13 — пач. 14 ст., які падрыхтаваў глебу для культуры эпохі Адраджэння. Вытокі П. адносяцца да 11—12 ст. і звязаны з уздымам свабодных італьян. гарадоў, дзе хутка развіваліся рамяство і гандаль. Найб. раннія формы выявіліся ў архітэктуры Тасканы, дзе дойліды надавалі формам готыкі ўраўнаважанасць і спакой. Мастацтву П. характэрны тэндэнцыі нагляднага адлюстравання рэчаіснасці, свецкі пачатак і цікавасць да ант. спадчыны, пераканаўчасць прасторавых пабудоў, эмац. выразнасць вобразаў. Сярод прадстаўнікоў П.Арнольфа ды Камбіо, Джота ды Бандоне, П.Каваліні, Н.Пізана і інш. Тэндэнцыі П. часта спалучаліся з традыцыямі т.зв. італа-візант. мастацтва і готыкі (творчасць Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, братоў Ларэнцэці і інш.).
Літ.:
Алпатов М.В. Итальянское искусство эпохи Данте и Джотто. М.; Л., 1939;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1. Искусство Проторенессанса. М., 1956.
т. 13, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАЗААЛО́ГІЯ (ад прота... + заалогія),
раздзел заалогіі, у якім вывучаюцца аднаклетачныя жывёльныя арганізмы, або прасцейшыя.
Вылучаюць агульную, мед., вет. і палеанталагічную П Агульная П. вывучае марфалогію прасцейшых, іх хім. састаў, спосабы размнажэння і цыклы развіцця, сістэматыку і філагенію, экалогію, ролю ў біяцэнозах, паразітацэнозах і інш. Медыцынская П. вывучае прасцейшых як узбуджальнікаў захворванняў чалавека, іх уздзеянне на арганізм, шляхі пераносу ўзбуджальнікаў, магчымасці іх існавання ў навакольным асяроддзі, пытанні эпідэміялогіі, прыроднай ачаговасці, зменлівасці ўзбуджальнікаў, іх генет. і інш. асаблівасці, што спалучае мед. П. з паразіталогіяй. Ветэрынарная П. вывучае прасцейшых пераважна з мэтай задавальнення патрэб прамысл. жывёлагадоўлі і аховы навакольнага асяроддзя. Па задачах і метадах блізкая да мед. П. Палеанталагічная П. вывучае рэшткі стараж. прасцейшых з геал. адкладаў і выкарыстоўвае іх у якасці індыкатараў пры вызначэнні геал. ўзросту зямных парод. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваюць як сінонім пратысталогіі.
Літ.:
Догель В.А., Полянский Ю.И., Хейсин Е.М. Общая протозоология М.; Л., 1962;
Фауна и систематика одноклеточных животных. Л., 1978.
А.М.Петрыкаў.
т. 13, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)