ГАРУЛЁЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),
рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял. Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.Мележа, Я.Скрыгана, У.Краўчанкі, вершы А.Астапенкі, А.Вялюгіна, П.Панчанкі, М.Танка і інш.
Тв.:
Наследники: Пьесы. Мн., 1971;
Признание: Избранное. Мн., 1976;
Прощайте, любимые: Повесть и рассказы. Мн., 1977.
т. 5, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДЫ́ГІНА (Вольга Барысаўна) (н. 23.12.1922, Масква),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Дачка Б.І.Ладыгіна. Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1949). Працуе ў ін-це «Белдзяржпраект» (у 1969—75 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Водна-спартыўны камбінат, забудова раёна і праекты жылых і грамадскіх будынкаў па вуліцы Харужай (1964—90), жылы дом з гастраномам «Сталічны» (1962), жылыя дамы, грамадскія і навуч. ўстановы па вуліцах Варвашэні, Казлова, М.Багдановіча, Кульман, гал. корпус Бел. тэхнал. ун-та (1956, у сааўт.), корпус Ін-та гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса (1982; у сааўт.) Прэзідыума Нац. АН Беларусі, адм.-грамадскі комплекс на праспекце Машэрава (1977, у сааўт.), гандл.-грамадскі цэнтр па вул. Куйбышава (1997, у сааўт.), а таксама вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955); у Магілёве — мост цераз Дняпро (1955) і Палац культуры хімікаў (1980, у сааўт.); у Віцебску — мост цераз Зах. Дзвіну (1955); комплекс абл. клінічнай бальніцы і НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў пас. Лясны Мінскага р-на (1960—67).
Літ.:
Потапов Ю.Ф. Признание // Стр-во и архитектура Белоруссии 1983. № 1.
С.А.Сергачоў.
т. 9, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)