КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,

складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э. зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЕМО́НІКА (ад грэч. mnēmonikos які мае добрую памяць),

сукупнасць асаблівых (адмысловых) прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне як мага большай колькасці звестак, фактаў шляхам утварэння штучных асацыяцый. Шырока выкарыстоўваецца ў выглядзе мнеманічных схем на пультах кіравання, сігнальных табло, панэлях шчытоў.

Выкарыстоўваецца таксама ў мовах праграмавання ў выглядзе абрэвіятур-мнемакодаў для абазначэння кодаў аперацый. Напр., мнеманічная каманда асемблера «LDA A1» (ад англ. Load Accumulator — загрузіць акумулятар) азначае «прачытаць лік з ячэйкі памяці з адрасам, пазначаным сімвалічна A1, і запісаць (загрузіць) яго ў акумулятар працэсара ЭВМ». Асацыятыўныя запамінальныя прыстасаванні заснаваны на наданні розным запісам асацыятыўных адзнак. Выбар запісу робіцца не па канкрэтным (зададзеным) адрасе, а па спалучэнні (асацыяцыі) адзнак, уласцівых інфармацыі, якую шукаюць. Дзякуючы стварэнню такіх штучных асацыяцый пошук і апрацоўка даных паскараецца на 2—3 дзесятковыя парадкі. Прыклады М. — левай рукі правіла, а таксама цыркавы і эстр. нумар «угадвання» думак на адлегласці і «знаходжання» прадметаў (гл. Мнематэхніка).

М.​А.​Ярмаш.

т. 10, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦІСК, акцэнт,

выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),

сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («заморам», «безгрошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў​жа», «прачытацьбы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.

Літ.:

Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;

Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;

Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;

Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)