ПРАЧЫ́СТАЯ,

летняе свята нар. календара, якое адзначалі 15 жніўня с.ст.; адно з дванадзесятых святаў. Правасл. царква прымеркавала да гэтага дня Успенне Багародзіцы. Наз. таксама «успленне», «спажа», «зельная». Назва «успленне» і «спажа» ў народзе тлумачыліся тым, што ў садах спелі плады, а на палетках — збажына. У гэты дзень у царкве асвячалі зерне, зеляніну. Асвечанае жыта перамешвалі з насеннем, каб на наступны год прычакаць добрага ўраджаю. У нар. фальклоры беларусаў П. згадваецца ў сувязі з падвядзеннем вынікаў працы селяніна: «Прачыста снапкі падае», «Свята Прачыста — у полі ўрачыста», «Спажа́ — хлеба дзяжа». Сеялі азімыя, пра што прыгадвала прыказка «Успенне — ці гатова насенне?». П. звычайна называлі першай або вялікай у адрозненне ад другой (меншай) П. — багача, прымеркаванай да Раства Багародзіцы, якое адзначалася 21 жніўня с.ст.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУНСЬЁН (Asunción),

горад, сталіца Парагвая, на ўсх. беразе р. Парагвай. 502,4 тыс. ж. (1992). Гандл. порт, транспартны і камерцыйны цэнтр (75% экспарту і 90% імпарту) краіны. Міжнар. аэрапорт, чыг. станцыя. Асн. прамысл. цэнтр краіны: тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая (мясахаладабойні, кансервавая, цукр. і інш.), дрэваапр. прам-сць. Цэнтр вытв-сці экстракту кебрача. Суднаверф. Паблізу Асунсьёна — нафтаперапр. З-д. 2 ун-ты, 3 акадэміі, у т. л. мовы і культуры гуарані.

Засн. 15.8.1537 ісп. канкістадорамі ў дзень Прачыстай, адсюль назва (ісп. Asunción Прачыстая). Да пач. 17 ст. цэнтр ісп. калоній у раёне Ла-Платы. У маі 1811 у Асунсьёне абвешчана незалежнасць Парагвая. У час Парагвайскай вайны 1864—70 у студз. 1869 акупіраваны браз. войскамі, у выніку загінула каля ​2/3 жыхароў горада.

Асунсьён. Цэнтр горада.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,

12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам з Вялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайна хрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)