ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.І.Падлужны.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.Я.Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ пазаабрадавыя,

народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.

Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.

Асн. масіў бел. нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.Купалы, «Зорка Венера» М.Багдановіча, «Лясная песня» А.Русака, «Нёман» А.Астрэйкі, «Ручнікі» В.Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.

Публ.: Беларускія народныя песні /Запіс Р.Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60; Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968; Песні пра каханне. Мн., 1978; Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984; Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.

Літ.:

Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;

Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.

З.Я.Мажэйка.

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)