БІЛЕ́ЦКІ Аляксандр Іванавіч

(2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),

украінскі літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.

Тв.:

Зібрання праць. Т. 1—5. Киів, 1965—66.

В.А.Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЧЭ́НКА Барыс Дзмітрыевіч

(9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),

украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл. зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.

Літ.:

Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)