ПРАТО́ННЫ СІНХРАТРО́Н,
разнавіднасць сінхрафазатрона для паскарэння пратонаў. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.
т. 13, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАФАЗАТРО́Н (ад грэч. synchronos адначасовы + фазатрон),
пратонны сінхратрон, цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. пратонаў). Паскарэнне часціц у С. адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога змяняецца (у адрозненне ад сінхратрона) адначасова са зменамі напружанасці магн. поля так, каб радыус раўнаважнай арбіты часціц заставаўся нязменным. У кожным цыкле паскараецца да 1013 часціц На Серпухаўскім С. (Расія) пратоны паскараюцца да энергіі 76 ГэВ; на тэватроне (С. са звышправоднымі магнітамі; ЗША) — да 1 ТэВ. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях па ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар. навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
А.А.Богуш.
т. 6, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)