ВЕСТГО́ТЫ, візіготы,

германскае племя, зах. галіна готаў. У 2—3 ст. пачалі прасоўвацца ў Прычарнамор’е, адкуль у канцы 4 ст. перайшлі ўсх. граніцу Рым. імперыі, разграмілі армію імператара Валента (гл. Адрыянопальская бітва 378), потым пасяліліся ў Ілірыі. Вестготы на чале з каралём Аларыхам I 24.8.410 захапілі і разрабавалі Рым. У 418 утварылі ў Паўд. Галіі Тулузскае каралеўства — першую варварскую дзяржаву на рым. тэрыторыі (на пач. 6 ст. выцеснены франкамі). У 5 ст. захапілі большую ч. Пірэнейскага п-ва, у 711 дзяржаву вестготаў заваявалі арабы.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),

качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаў Паўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх. Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах. Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.

В.​С.​Пазднякоў.

Да арт. Гуны. Гунскі меч з залатым дзяржаннем 4—5 ст. з раскопак на Украіне.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)