Прасніца 8/537, 558

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́СНІЦА,

старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Прасніца. Вёска Чонкі Гомельскага раёна. 19 ст.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІЯ ПРА́СНІЦЫ,

дэкарыраваныя разным арнаментам прасніцы пераважна з Камянецкага, а таксама з суседніх Пружанскага і Брэсцкага р-наў. У канцы 19 — пач. 20 ст. — К.п. традыц. драўляная лапатападобная лопасць з доўгай ножкай, якая мацавалася ў днішча, з пашырэннем калаўрота (пач. 20 ст.) — на кранштэйне да яго. Лопасць аздаблялі трохгранна-выемчатай разьбой геам. характару. Найб. пашыраны дэкор — вял. 6-пялёсткавая разетка ці ромб з трохгранных выемак у цэнтры, абапал — меншыя разеткі, нярэдка год стварэння прасніцы і ініцыялы ўладальніцы. У 20 ст. К.п. сталі рабіць меншых памераў, з больш разнастайным дэкорам. Пасля Айч. вайны прасніцы паступова выходзяць з ужытку. Калекцыі К.п. ёсць у Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Яго ж. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Камянецкая прасніца. 19 ст.

т. 7, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)