«ПАДСЯВА́НКА»,
бел. нар. жартоўны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Зафіксаваны ў пач. 20 ст. на тэр. Чэрвеньскага і Бярэзінскага р-наў Мінскай вобл. Найчасцей П. танцуюць па аднаму. Пагойдваннем рук і тулава выканаўца імітуе прасейванне мукі праз сіта. Камічны характар танца падкрэсліваюць жартоўныя прыпеўкі юнакоў.
Л.К.Алексютовіч.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭ́ХНІКА (ад піра... + тэхніка),
галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні піратэхнічных саставаў, аснашчаных імі вырабаў і наладжванні феерверкаў. Вядома з глыбокай старажытнасці (напр., у Кітаі элементы П. выкарыстоўвалі за некалькі стагоддзяў да н.э.). Да 19 ст. П. ўключала выраб порахаў і выбуховых рэчываў.
Вытв-сць піратэхн. вырабаў уключае здрабненне кампанентаў саставаў, іх сушку, прасейванне і змешванне ў спец. змяшальніках з дыстанцыйным кіраваннем. Запаўненне вырабаў (кардонных і метал. гільзаў) піратэхн. саставам ажыццяўляюць пад ціскам на прэсах, часам шнэкаваннем ці заліўкай. Вытв. аперацыі ў П. пажара- і выбухованебяспечныя.
Літ.:
Шидловский А.А. Основы пиротехники. 4 изд. М., 1973.
т. 12, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ КАНСУЛЬТАВАННЕ,
адзін з відаў спецыялізаванай мед. дапамогі, накіраваны на прафілактыку спадчынных хвароб. Асн. задачы М.-г.к.: вызначэнне мед.-генет. прагнозу, стадыі генет. рызыкі ў адносінах да будучага патомства ў сем’ях, дзе ёсць спадчынная паталогія; ацэнка мед. і сац. вынікаў генет. парушэнняў; прапаганда мед.-генет. ведаў і інш. На Беларусі ажыццяўляецца Ін-там генетыкі і цыталогіі Нац. АН, рэсп. мед. генет. цэнтрам у Мінску, кансультатыўнымі кабінетамі. Працуюць 6 кабінетаў па мед. генетыцы, 5 кансультацый «Шлюб і сям’я» (1997). З мэтай вызначэння рызыкі спадчынных хвароб, анамалій развіцця і выяўлення хвароб на ранніх стадыях праводзяць генет. прасейванне (скрынінг). Створана праграма па выяўленні носьбітаў спадчынных хвароб.
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)