Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАРЫ́Ў»,
мемарыяльны комплекс ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1974 (скульпт. А.Анікейчык, арх. Ю.Градаў, Л.Левін) у гонар прарыву варожай блакады партызанамі 5.5.1944 у ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 на месцы баёў паміж вёскамі Новае Сяло, Пліна і Паперына ў Вял.Айч. вайну. Да вяршыні ўзгорка вядзе «калідор» — невял., сціснуты бетоннымі сценамі адрэзак шляху, якім ішлі на штурм партызаны; побач на бетоннай пліце размешчаны бронз. карта-схема абароны 16 партыз. брыгад на 11.4.1944 і інфарм. надпіс. На вяршыні ўзгорка ў разрыве бетоннай глыбы (сімвал разарванага кальца блакады) бронз. 9-метровая фігура партызана, побач умураваны 33 надмагільныя пліты з імёнамі герояў прарыву і пасаджана 16 дубоў (сімвал партыз. брыгад). Завяршае кампазіцыю «Апошні прывал» — адлітыя з бронзы карабіны, састаўленыя ў піраміду, і стужка з надпісам: «Яны загінулі у барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРЫ́Ў,
стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.
Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл.Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл.Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).
Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл.Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛІ́ЦКІ ПРАРЫ́Ў 1915,
стратэгічная аперацыя германа-аўстр. войск 2—5 мая супраць рускага Паўд.-Зах. фронту ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. Каб вывесці Расію з вайны герм. камандаванне вырашыла нанесці ёй знішчальны ўдар, пачаткам якога і быў Гарліцкі прарыў. Ажыццяўлялася ў Паўд. Польшчы ў раёне г. Гарліцы сіламі 11-й герм. арміі (ген. А.Макензен) і 4-й аўстра-венг. арміі (эрцгерцаг Іосіф Фердынанд). У рус. 3-я армія (ген. Д.Р.Радка-Дзмітрыеў), на якую быў скіраваны асн. ўдар, мела вял. некамплект у людзях, ёй не хапала снарадаў. Рус. абарона была прарвана, і да 8 мая герм.-аўстр. войскі прасунуліся на 40 км. Рус. Стаўка і камандаванне Паўд.-Зах. фронту (ген. М.І.Іваноў) не здолелі арганізаваць контрудар. 3.6.1915 герм.-аўстр. войскі занялі Перамышль, 22 чэрв. — Львоў. Рус. войскі, страціўшы 500 тыс. палонных і 344 гарматы, пакінулі Галіцыю.