КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),
калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЯЕ́Д БУРАКО́Ў,
хвароба праросткаў і ўсходаў буракоў, якая выклікаецца пераважна паразітычнымі грыбамі. Яго ўзбуджальнікі — грыбы з родаў Pythium, Aphanomyces, Phoma, Rhizoctonia, розныя віды Fusarium, а таксама бактэрыі. Пашкоджваюць цукр., кармавыя і сталовыя сарты, зрэджваюць усходы, змяншаюць ураджайнасць на 10—40%. Хвароба праяўляецца завяданнем і пажаўценнем раслін у фазе семядолей і 1-й пары лісцікаў; на карэньчыках маладых праросткаў паяўляюцца бурыя плямы, падоўжаныя палосы, на падсемядольным калене — кальцавая перацяжка загнілых і пачарнелых тканак. Пры інтэнсіўным развіцці хваробы корань гніе і расл ша гіне. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках у глебе, на каляплодніках насення.
Да арт.Караняед буракоў: 1 — узбуджальнік хваробы ў культуры; 2 — здаровая расліна; 3 — пашкоджаны праростак; 4 — пашкоджаная расліна (перацяжка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,
міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.Рампаў.
Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.
На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).