Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пранік П. Т. 8/211
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),
кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых І узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ЛЬ (ад араб. газаль),
від лірычнага верша ў народаў Сярэдняй Азіі, Б.Усходу, Індыі і Пакістана. Уключае, як правіла, не менш за 3 і не больш чым 12 двухрадкоўяў — бейтаў, звязаных манарыфмай (аа, ба, ва, га...). У апошнім бейце ўпамінаецца імя ці псеўданім аўтара верша. Газель узнікла з персідскай нар. лірычнай песні, росквіту дасягнула ў творчасці Саадзі, Хафіза, Джамі, Нізамі. З 19 ст. гэты від верша пранік у еўрап. паэзію (І.В.Гётэ, А.Фет, В.Брусаў, І.Франко). У бел. л-ры вядома «Кактэбельская газель» С.Ліхадзіеўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШМІ́Р,
гістарычная вобласць у гарах паўн.-зах. Гімалаі і Каракарум (Паўд. Азія). У 3 ст. да н.э.тэр. К. ўваходзіла ў дзяржаву Маур’яў, у 2—1 ст. да н.э. — у Кушанскую дзяржаву. У 14 ст.н.э. сюды пранік іслам. З 1586 у складзе Магольскай імперыі (заваяваны Акбарам), з 1756 — Афганістана, з 1819 пад уладай сікхаў. Пасля 1-й англа-сікхскай вайны 1845—46 анексіраваны англічанамі і перададзены імі ў кіраванне раджы (правіцеля) княства Джаму; да 1947 княства. Пасля ўтварэння суверэнных дзяржаў Індыя і Пакістан (1947) б.ч. тэрыторыі К. (144 122 км2) увайшла ў склад інд. штата Джаму і Кашмір, меншая ч. (78 114 км2) кантралюецца Пакістанам (т.зв. Свабодны Кашмір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,
помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел.рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш. Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,
танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст.Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.
Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс.чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл.Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс.чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».