ВА́ТМАН,
папера для чарчэння і рысавання. Устойлівы да сцірання, мае шурпатую паверхню. Наз. ў гонар англ. прамыслоўца 18 ст. Дж.Ватмана.
т. 4, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАЎСКІЯ АСТРАВЫ́,
паўднёвая група ў архіпелагу Новасібірскіх астравоў (Расія), на мяжы мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага. Уключаюць а-вы: Вял. Ляхаўскі (пл. 5,3 тыс. км²), М.Ляхаўскі (пл. 1,3 тыс. км²), Сталбавы (пл. 170 км²) і Сямёнаўскі. Ад мацерыка Азія аддзяляюцца пралівам Дзмітрыя Лапцева. Паверхня пераважна раўнінная. Выш. да 270 м (Вял. Ляхаўскі). Шматгадовая мерзлата. Шматлікія яры і тэрмакарставыя азёры. Поліганальная асакова-злакавая тундра, шмат балот. Промысел пясца. Адкрыты ў 1712. Названы ў гонар рус. прамыслоўца І.Ляхава.
т. 9, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТЭНАЎ ((Rathenau) Вальтэр) (29.9.1867, Берлін —24.6.1922),
германскі прамысловец, дзярж. дзеяч, публіцыст. Д-р фіз. н. (1889). Сын яўр. прамыслоўца Эміля Р. (1838—1915), які ў 1880-я г. засн. у Германіі Усеагульную эл. кампанію (УЭК). Вучыўся ў Страсбургскім і Берлінскім ун-тах (1886—89). У 1893—99 дырэктар т-ва «Электрахімічныя заводы» ў г. Бітэрфельд. З 1899 чл. праўлення, з 1915 старшыня назіральнага савета УЭК. У 1902—07 уладальнік Берлінскага гандл. т-ва. У 1914—15 кіраўнік аддзела сыравіны Ваен. мін-ва Прусіі. У 1921 міністр аднаўлення. Прыхільнік палітыкі выканання Германіяй умоў Версальскага мірнага дагавора 1919. З лют. 1922 міністр замежных спраў; у час Генуэзскай канферэнцыі 1922 разам з К.А.Віртам падпісаў Рапальскі дагавор 1922 з РСФСР. Аўтар сац. і культ.-філас. артыкулаў (друкаваўся з 1897) і кніг «Да крытыкі часу» (1912), «Да механікі духу» (1913), «Пра будучыя рэчы» (1917), «Новая гаспадарка» (1918). Забіты членамі антысеміцка-праваэкстрэмісцкай арг-цыі.
т. 13, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,
галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.
Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.
У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.
Т.І.Адамовіч.
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)