ГЕМАДЫЯ́ЛІЗ

(ад гема... + дыяліз),

метад ачышчэння крыві ад нізка- і сярэднемалекулярных рэчываў апаратам штучнай ныркі праз паўпранікальную мембрану і дыялізуючы раствор. Выкарыстоўваецца пры лячэнні вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, вострых атручэнняў. Гемадыяліз ажыццяўляе абменнае пераліванне крыві (адначасовае масіўнае кровапусканне з пераліваннем такой жа колькасці крыві), абмыванне брушыны салявым растворам (перытанеяльны дыяліз), прамыванне слізістай абалонкі кішэчніка ўмерана гіпертанічным растворам (кішачны дыяліз).

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т

(ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.М.Марчанка.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАТЭРАПІ́Я

(ад лац. balneum лазня, купанне + тэрапія),

метады лячэння, прафілактыкі і аднаўлення парушаных функцый арганізма, заснаваныя на выкарыстанні прыродных і штучна прыгатаваных мінеральных водаў. Асн. пашыраныя працэдуры бальнеатэрапіі: агульныя і мясц. ванны, купанне ў лячэбных басейнах, пітное спажыванне водаў, прамыванне-арашэнне кішэчніка, інгаляцыі. Патрэбны эфект пры бальнеатэрапіі дасягаецца праз хім., тэмпературнае, радыяцыйнае і інш. ўздзеянні на абмен рэчываў у арганізме, вегетатыўную сістэму, кроў, рэфлекторныя, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, функцыян. стан клетак, тканак і органаў. Забяспечваецца пэўным падборам дазіровак, паслядоўнасці ўжывання і відаў мінер. водаў. Бальнеатэрапія — асн. метад прафілактыкі і лячэння шэрагу хвароб на бальнеалагічных курортах.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ

(ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.Л.Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)