ЛІ́СІЙ (грэч. Lysias; 459—380 да н.э.),

старажытнаафінскі прамоўца, лагаграф (пісаў на заказ суд. прамовы); лічаць адным з лепшых прамоўцаў старажытнасці. З 412 да н.э. жыў у Афінах. У час праўлення «Трыццаці тыранаў» (404—403 да н.э.) збег у Мегару, вярнуўся ў Афіны пасля аднаўлення дэмакр. праўлення (403). Яму належаць больш за 200 прамоў (поўнасцю захаваліся 23, у фрагментах 11). Прамовы Л. — унікальныя крыніцы па пытаннях паліт., сац.-эканам. гісторыі Афін канца 5 — пач. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НІ (Анатоль Фёдаравіч) (9.2.1844, Пецярбург — 17.9.1927),

рускі юрыст, грамадскі дзеяч і літаратар. Д-р права (1890), ганаровы член Маскоўскага ун-та (1892), ганаровы акадэмік Пецярбургекай АН (1900), чл. Дзярж. савета (1907). Скончыў юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та (1865). Працаваў у суд. органах і пракуратуры. Выдатны суд. прамоўца. Прыхільнік дэмакр. прынцыпаў судаводства, уведзеных суд. рэформай 1864 (суд прысяжных, галоснасць суд. працэсу і інш.). Шырокую вядомасць набыў у сувязі са справай В.1. Засуліч, па якой суд пад старшынством К. вынес у 1878 апраўдальны прыгавор. Пасля Кастр. рэвалюцыі праф. Петраградскага ун-та (1918—22). Аўтар нарысаў і ўспамінаў «На жыццёвым шляху» (т. 1—5, 1912—29).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1966—69.

А.Ф.Коні.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТ (Марк Юній) (Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж. Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ЗЛАТАВУ́СТ (Iōannēs Chrysostomos; 341, Антыёхія — 14.9.407),

канстанцінопальскі патрыярх (з 398), ідэолаг усх.-хрысц. царквы, выдатны прамоўца (за што празваны «Златавустам»). Адукацыю атрымаў у школе язычніцкага рытара Ліванія. Аўтар пропаведзей, панегірыкаў, псалмоў, каментарыяў да Бібліі. У сваіх пропаведзях адлюстроўваў характэрныя рысы тагачаснага рэліг. і грамадскага жыцця. Змаганне за аскетычныя ідэалы і крытыка грамадскай несправядлівасці зрабілі яго папулярным, але супрацьпаставілі яму ўплывовых асоб двара і вышэйшага кліру. Неаднаразова быў сасланы і зноў вернуты. Кананізаваны хрысц. царквой. У Візантыі і на Русі быў ідэалам прапаведніка. Праваслаўная царква прыпісвае яму літургію, т. зв. літургія І.З.

Тв.:

Рус. пер. — Творения. Т. 1—12. СПб., 1898—1906;

Полн. собр. творений: В 12 т. Т. 1—3. М., 1991—94.

Літ.:

Курбатов Г.Л. Ранневизантийские портреты: К истории общественно-полит. мысли. Л., 1991. С. 99—135.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),

чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.

У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял. кн. літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.

Еранім Пражскі. Гравюра па сталі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)