ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),
у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯ́Н (Appianos; каля 100, Александрыя — каля 170 н.э.),
гісторык Стараж. Рыма. Грэк па паходжанні. Пры Адрыяне рым. грамадзянін, адвакат фіску ў Рыме, пазней — імператарскі пракуратар у Егіпце. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Рыма» ў 24 кнігах (ад заснавання горада да пач. 2 ст.), дзе праслаўляў магутнасць Рым. дзяржавы і даказваў справядлівасць захопу ёю чужых тэрыторый. Унутр. гісторыю Рыма паказваў праз вял. войны, праз гісторыю асобных абласцей. Захаваліся 6—9-я і 11—17-я кнігі, 18—24-я невядомыя, інш. дайшлі ў фрагментах.
Тв.:
Рус. пер. — Гражданские войны. Л., 1935.
т. 1, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАКА́Т (лац. advocatus),
асоба, якая аказвае юрыд. дапамогу грамадзянам, прадпрыемствам, установам і арг-цыям, выступае ў якасці абаронца абвінавачанага на следстве і ў судзе. На Беларусі адвакатам можа быць грамадзянін, які мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы па спецыяльнасці не менш як 3 гады або прайшоў стажыроўку ў адвакатуры, здаў кваліфікацыйны экзамен і атрымаў ліцэнзію на права займацца адвакацкай дзейнасцю. Прафесія вядома на Беларусі з 16 ст. Функцыі адваката ў судах выконваў пракуратар, правы і абавязкі якога былі рэгламентаваны Статутам ВКЛ 1588. Гл. таксама Адвакатура.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),
рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.
т. 12, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРО́ЦКІ (Францішак) (10.6.1723 — пасля 2.7.1805),
выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Д-р філасофіі (1758). Вучыўся ў Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753—56 выкладаў у Варшаве, з 1757 у Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1760 узначаліў віленскую акад. друкарню, у якой у 1760—62 выдаваў і рэдагаваў «Кур’ер Літэўскі», у 1763 — Калегіум Нобіліум у Вільні. З 1765 рэктар Ковенскага калегіума, у 1768—73 пракуратар Літ. правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна прэлат інфлянцкі, канонік ловіцкі. Надрукаваў гіст. працу К.Галоўкі «Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ» (1753). Выдаў падручнік па геаграфіі «Еўропа, першая з частак свету апісаная» (1754), гіст. працы «Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай» (1758), «Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства...» (1759), «Найбольш значныя войны...» (1763). Прадоўжыў пачатае Я.А.Пашакоўскім выданне на польскай мове віленскіх «Палітычных каляндарыкаў» (1758—71), дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы. Пераклаў на польскую мову працу Ф.Рэната «Навука пра рыцарскую справу» (1776), да якой дадаў 2-і том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай; кнігу К.Нанота «Памылкі Вальтэра» (1780, перавыдадзена ў Нясвіжы ў 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)