Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́НЫ, Ліпані (Lipany),
населены пункт у Чэхіі паблізу г. Чэскі-Брод. Тут 30.5.1434 аб’яднанае войска чэш. каталіцкай шляхты і чашнікаў (каля 20 тыс.чал.) разбіла войска табарытаў і іх саюзнікаў (10—12 тыс.чал.). У бітве загінула некалькі тысяч табарытаў, у т. л. народныя палкаводцы Пракоп Вялікі, Пракопек і інш. Бітву каля Л. лічаць канцом Гусіцкіх войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКАЎПракоп Іванавіч (16.10.1923, в. Пакроўка Родзінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 23.1.1944, Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. На пач. Вял. Айч. вайны добраахвотнікам пайшоў у армію. На фронце з ліст. 1941, удзельнік абароны Масквы, ваяваў на Паўн.-Зах. фронце. 22.1.1944 камандзір стралк. аддзялення сяржант Аўрамкаў у баі каля в. Амшары Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобласці закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На яго радзіме пастаўлены бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКО́ВІЧ (Пракоп Дзянісавіч) (20.7.1895, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 26.9.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв.
вайны. У 1917 старшыня палкавога к-та. Удзельнічаў у ліквідацыі мяцяжу Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйскім пав., у барацьбе з ням. акупантамі. У 1918—20 ваен. камісар Бабруйскага, Дарагабужскага пав., ваен. камісар сувязі Зах. фронту. З 1920 старшыня Бабруйскага пав. выканкома, з 1922 нарком унутр. спраў БССР, з 1923 старшыня Амурскага губ. рэўкома, выканкома. З 1927 старшыня Гомельскага акр. выканкома, з 1928 сакратар Гомельскага акр.к-таКП(б)Б. З 1931 у Наркамаце сувязі СССР. Чл.ЦВКБССР у 1920—23 і 1927—31, канд. у чл. яго Прэзідыума ў 1927—29. Чл.ЦБКП(б)Б у 1922—23 і ЦККП(б)Б у 1927—30, канд. у чл. Бюро ў 1928 і чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1929—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд І арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда І чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд І арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял.кн.ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам І і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап.Рэфармацыі.