ПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
атрыманне розных вырабаў і паўфабрыкатаў (пракату) са сталі і інш. металаў шляхам пракаткі. Робіцца таксама дадатковая апрацоўка вырабаў: тэрмічная, траўленне, нанясенне пакрыццяў.
На металургічных (радзей на машынабуд.) заводах П.в. з’яўляецца завяршальным звяном цыкла металургічнай вытв-сці (гл. Металургія, Чорная металургія, Каляровая металургія). Існуюць 2 тэхнал. схемы вытв-сці стальнога пракату, калі гатовыя вырабы атрымліваюць: са злітку або з бесперапынналітых блюмаў, слябаў і загатовак. У гэтых схемах 2 стадыі: па 1-й атрымліваюць паўпрадукт, ахалоджваюць і зачышчаюць, на 2-й ажыццяўляюць паўторны нагрэў паўпрадукту і робяць вырабы на сартавых і інш. пракатных станах.
На Беларусі асн. частку пракату чорных металаў вырабляюць на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне, таксама на Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім трактарным заводзе, Гомельскім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання і інш. Выпуск гатовага пракату чорных металаў 1300 тыс. т (1999).
П.І.Рогач.
т. 12, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс. т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.
т. 4, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)