ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,
мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш. дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,
сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.
Літ.:
Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.
В.В.Левы.
т. 2, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)