Прадметы спажывання 3/206

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́ТЫ СПАЖЫВА́ННЯ,

сукупнасць матэрыяльных даброт і паслуг, якія выкарыстоўваюцца ў сферы невытворчага, звычайна асабістага, спажывання. Групуюцца па відах: прадукты харчавання, адзенне і абутак, мэбля і гасп. рэчы, прадметы культуры і спорту, друкаваныя выданні і інш. Адрозніваюць прадметы працяглага карыстання (тэлевізары, дамашнія халадзільнікі, аўтамашыны, кнігі і інш.) і прадметы кароткатэрміновага карыстання (прадукты харчавання, некаторыя віды адзення, абутку і інш.). Састаўная частка П.с. — паслугі (камунальныя, бытавыя і інш.), якія прадастаўляюцца членам грамадства і задавальняюць іх патрэбы. Па меры развіцця грамадскай вытв-сці і змены спажывецкага попыту змяняецца склад П.с., а таксама іх якасць. Аб’ём П.с. ацэньваецца ў натуральным і вартасным выражэнні, што мае важнае значэнне пры аналізе змены агульнага аб’ёму спажывання матэрыяльных даброт насельніцтвам, яго грамадскімі групамі, сем’ямі ў залежнасці ад іх памеру, узроўню даходаў і інш. Матэрыяльныя даброты і паслугі, якія спажываюцца насельніцтвам, утвараюць фонд асабістага спажывання, аб’ём і структура якога вызначаюцца існуючым аб’ёмам П.с. і наяўнасцю ў насельніцтва сродкаў для ІХ набыцця.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕСУА́Р (франц. accessoire),

1) прыналежнасць чаго-н.; пабочныя з’явы, дэталі, якія дапаўняюць гал. элемент кампазіцыі.

2) У тэатрыпрадметы бутафорыі або рэквізіту.

3) У выяўленчым мастацтвепрадметы другараднага значэння, дапаможныя дэталі гал. выявы, якія паглыбляюць яе характарыстыку, часам нясуць сэнсавую і эмац. нагрузку, выконваюць функцыю, уласцівую атрыбуту ці сімвалу. У партрэце гэта дэталі інтэр’ера, касцюма, што дапаўняюць задуму аўтара твора.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФІСКА́ЦЫЯ МАЁМАСЦІ,

прымусовае бязвыплатнае адсуджэнне ва ўласнасць дзяржавы ўсёй або часткі маёмасці, якая з’яўляецца асабістай уласнасцю асуджанага. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь можа быць назначана толькі ў выпадках, прадугледжаных артыкуламі Асаблівай часткі КК. Пры частковай К.м. суд абавязаны вызначыць, якая частка маёмасці канфіскуецца, або пералічыць прадметы, якія канфіскуюцца. Не падлягаюць канфіскацыі маёмасць і прадметы, неабходныя для асуджанага і яго ўтрыманцаў, адпаведна з пералікам, зробленым у законе.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,

адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.

Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ПТЫКУМ (ад пан... + грэч. optikos зрокавы),

музей, у якім выстаўлены для агляду васковыя фігуры або інш. прадметы, цікавыя сваёй незвычайнасцю.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІРУ́ЛЬКІ»,

бел. нар. гульня. З кучкі дробных прадметаў неабходна выбраць кручком усе прадметы адзін за адным, не пасунуўшы пры гэтым астатніх.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНО́ЗІЯ (ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),

парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУШАЎЛЁНАСЦЬ – НЕАДУШАЎЛЁНАСЦЬ,

лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёныя назоўнікі абазначаюць людзей і розных жывых істот («Рыгор», «настаўніца», «тыгр», «ластаўка», «карась», «камар»), неадушаўлёныя — расліны, прадметы, апрадмечаныя з’явы і паняцці («клён», «машына», «раса», «цемра», «свядомасць»).

Граматычна адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону мн. л.: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону («бачыць людзей — бачыць дрэвы», «лавіць язёў — лавіць сняжынкі»). Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот.

Л.​І.​Бурак.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́Т,

адзін з відаў маёмаснага найму, калі спецыялізаваныя арг-цыі даюць грамадзянам у часовае карыстанне за адпаведную плату прадметы хатняга ўжытку, спарт. інвентар і інш. маёмасць.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)