БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.І.Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫНА,

галоўная форма зямельнай уласнасці ў сярэднявеччы. У гіст. л-ры тэрмінам «вотчына» абазначаюць комплекс зямельнай уласнасці феадалаў і звязаных з ёю правоў на залежных сялян. У сац.-эканам. значэнні вотчына — форма прысваення прыбавачнай працы сялян, аснова панавання феадалаў у сярэдневяковым грамадстве.

У краінах Еўропы склалася ў 8—9 ст. З фарміраваннем вотчыны ствараўся апарат прымусу (адміністрацыя, вотчынны суд). Сяляне, падначаленыя вотчыннай уладзе феадала, захоўвалі і абшчынную арганізацыю. Вотчына адрозніваліся эканам. структурай, памерамі, сац.-саслоўнай прыналежнасцю вотчыннікаў, юрыд. паходжаннем правоў. Аснова вытв. дзейнасці вотчыны — сял. гаспадарка. Для Зах. Еўропы тыповая вотчына напачатку з панскай гаспадаркай, у 16—17 ст. — без панскай гаспадаркі (чыстая вотчына). У краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы з 14—15 ст. пашыралася паншчынная гаспадарка, разлічаная на збыт с.-г. прадукцыі на ўнутр. і знешнім рынках. На Русі вотчына пашырылася ў 11—15 ст. Для яе характэрна спадчыннасць правоў на зямлю. У адрозненне ад памесцяў, падараваных у часовае ўладанне, вотчыну можна было прадаць, падарыць, закласці, перадаць у спадчыну. Адрознівалі вотчыны радавыя, купленыя, падараваныя, княжацкія і інш. У 13—15 ст. вотчына — пераважная форма феад. зямельнай уласнасці. З сярэдзіны 14 ст. з умацаваннем велікакняжацкай улады і ўтварэннем Рус. цэнтраліз. дзяржавы правы вотчыннікаў абмяжоўваюцца. Указам 1714 юрыдычна аформлена зліццё вотчыны і памесця.

На Беларусі ў 14—16 ст. тэрмінам «вотчына» абазначалася зямельная ўласнасць, якая перайшла ў спадчыну ад бацькі дзецям. Таму вотчынай называлі ўладанні і феадалаў, і сялян. Прававы статус вотчыны феадалаў развіваўся ў 14—16 ст. і заканадаўча аформлены шэрагам велікакняжацкіх прывілеяў і статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. З канца 16 ст. тэрмін «вотчына» выцясняецца раўназначнымі польск. тэрмінамі «dziedzictwo» (спадчына), «mienie ojczyste» (бацькоўская маёмасць) і інш., з канца 18 ст.рус. тэрмінам «памесце», які абазначаў зямельную ўласнасць дваран незалежна ад спосабу яе набыцця.

М.Ф.Спірыдонаў, В.Л.Насевіч.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКА

(Alaska),

штат ЗША, на ПнЗ Паўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш. Пл. 1477 тыс. км², нас. 599 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр. ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.

На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.Нагібіна, В.Берынга, А.Мельнікава, І.Фёдарава, М.Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз. Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55° паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр І забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн. руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен. мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)