ДЭЛІ́КТ (ад лац. delictum парушэнне, віна),
правапарушэнне, незаконнае дзеянне, правіннасць, злачынства. У больш вузкім сэнсе — супярэчнае нормам цывільнага заканадаўства дзеянне, за якое прадугледжана пакаранне ў форме матэрыяльнай адказнасці.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
правіннасць, проціпраўнае наўмыснае або неасцярожнае дзеянне (або бяздзеянне), замах на дзярж. або грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнага правапарушэння адносяцца: парушэнні грамадскага парадку, правілаў дарожнага руху, проціпажарных, сан.-эпідэміялагічных, мытных правілаў, пагранічнага рэжыму, парушэнні правілаў палявання, рыбнай лоўлі і аховы рыбных запасаў і інш. За адміністрацыйнае правапарушэнне прадугледжана адм. адказнасць (калі правапарушэнні не цягнуць за сабой крымін. адказнасці).
т. 1, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)