ФОТАГЕНІ́ЧНАСЦЬ (ад фота... + грэч. genos род, паходжанне),

наяўнасць знешніх даных (выразнасць рыс твару, правільнасць форм), якія добра перадаюцца на фотаздымку ці кінаэкране.

т. 16, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́КТНАСЦЬ (ад лац. correctus выпраўлены, палепшаны),

1) тактоўнасць у абыходжанні з людзьмі, ветлівасць (часта ў значэнні «падкрэсленая ветлівасць»), пачцівасць, далікатнасць.

2) Дакладнасць, правільнасць, выразнасць (напр., К. аргументацыі, доказаў, К. перакладу).

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),

прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́РГА,

1) выказванне незадаволенасці з нагоды якіх-н. непрыемнасцей, болю і да т.п.

2) Афіц. заява з просьбай аб устараненні якой-н. несправядлівасці, недакладнасці і г.д. Працэсуальнаму заканадаўству вядомы С. касацыйная, прыватныя, наглядныя, у якіх аспрэчваецца правільнасць і законнасць вынесеных судовых прыгавораў, вызначэнняў, пастаноў. Парадак разгляду такіх С. рэгламентуецца адпаведнымі нормамі права.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ДА [ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К. называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

тэхнічная сістэма, якая часткова або поўнасцю выконвае функцыі выкладчыка ў працэсе праграмаванага навучання. Выдае порцыі матэрыялу, кантрольныя заданні ў паслядоўнасці, адпаведнай абучальнай праграме, у тэмпе, зручным для навучэнца; вызначае правільнасць выканання кантрольных заданняў, характар памылак, далейшую паслядоўнасць праходжання курса. Мадэлявальныя абучальныя машыны (трэнажоры) прызначаны для набыцця практычных навыкаў і трэніроўкі, калі ва ўмовах рэчаіснасці гэта звязана з вял. цяжкасцямі, эканамічна немэтазгодна або немагчыма, напр. пры навучанні касманаўтаў, вадзіцеляў трансп. сродкаў, аператараў складаных машын і агрэгатаў. Як абучальная машына можа выкарыстоўвацца ЭВМ.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСВЕ́ДЧАННЕ НАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ,

учыненне органамі натарыята дзеянняў, накіраваных на замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне магчымых парушэнняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь З.н. належаць факты, якія могуць мець юрыд. вынікі (здзелкі, правільнасць копій дакументаў, выпісак з іх і інш.); засведчанне бясспрэчнага права (напр., права ўласнасці на спадчыну); наданне дакументам выканаўчай сілы (напр., учыненне выканаўчых надпісаў на пазыковых і плацежных дакументах); захаванне маёмасці, дакументаў, доказаў. З.н. звычайна робіцца ў памяшканні натарыяльнай канторы, а ў пэўных выпадках (з-за хваробы або інваліднасці кліента) — дома, у бальніцы.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУБЛЕ́ЎСКІ, Ураблеўскі Эдуард (Эдвард Вінцэнт) Антонавіч (3.2.1848, г. Гродна — 4.2.1892), расійскі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў Рус. фізіка-хім. т-ва. Д-р філасофіі ў галіне хіміі (1871), праф. (1875). Брат З.Ф.Урублеўскага. Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1868), дзе і працаваў. Навук. працы па вывучэнні будовы араматычных злучэнняў. Адкрыў рэакцыю замяшчэння дыазагрупы этаксігрупай (1870). Пры даследаванні будовы вытворных талуолу пацвердзіў правільнасць цыклічнай структурнай ф-лы бензолу, прапанаванай ням. хімікам Ф.​А.​Кекуле і раўнацэннасць атамаў вадароду ў бензольным ядры. Мемарыяльная дошка ў Гродзенскім фарным (б. езуіцкім) касцёле.

Літ.:

Козлов В.​В.​Очерки истории химических обществ СССР. М., 1958.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫ ЎЛІК,

улік па ўзбуйненых эканамічных паказчыках у грашовым выражэнні, які паказвае дынаміку руху ўсіх аб’ектаў бухгалтарскага ўліку ў абагульненых вартасных паказчыках. Вядзецца ў разрэзе сінт. рахункаў бухгалтарскага ўліку, адзіны план якіх зацвярджаецца ў цэнтралізаваным парадку. Служыць для атрымання сумарных звестак аб гасп.-фін. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі. Дае магчымасць правяраць узаемасувязь усіх гасп. аперацый і шляхам зверкі сінт. і аналітычнага ўліку кантраляваць дасканаласць і правільнасць іх адлюстравання ва ўліку. С.ў. карыстаюцца пры складанні і праверцы справаздачнасці. На прадпрыемствах (аб’яднаннях) з дапамогай С.ў. вызначаюць агульную наяўнасць асн. сродкаў, сыравіны і матэрыялаў, затраты на вытв-сць, стан разлікаў з пастаўшчыкамі і г.д.; у фін.-крэдытных установах — кантралююць выкананне бюджэту і крэдытныя аперацыі.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁЛЕР (Wöhler) Фрыдрых (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),

нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)