Правакацыя 8/526

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАКА́ЦЫЯ (ад лац. provocatio выклік),

1) падбухторванне. прымушэнне асоб (груп, арганізацый) да ўчынкаў, якія выклікаюць цяжкія наступствы.

2) Дзеянні агентаў спец. службаў і інш. асоб, у т. л. правакатараў, накіраваныя на разгром або дыскрымінацыю варожых ці канкурыруючых арганізацый, партый і інш. 3) Агрэсіўныя захады з мэтай апраўдання ўмяшання ва ўнутр. справы інш. краіны. Можа ажыццяўляцца ў выглядзе нападаў на пагран. ахову, парушэння граніцы, захопу аб’ектаў, дыверсіі, тэракта, уварвання на тэр. дзяржавы, яе ўнутр. воды, паветр. прастору і інш.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ ПРАЦЭ́С 1933,

судовы працэс супраць камуністаў у г. Лейпцыг (Германія) 21.9—23.12.1933. Адбыўся пасля прыходу да ўлады ў Германіі Нацыянал-сацыялісцкай партыі, кіраўніцтва якой (Г.Герынг і інш.) з мэтай правакацыі арганізавала падпал будынка рэйхстага ў Берліне ноччу 27.2.1933, каб абвінаваціць у гэтым апазіцыйную Камуніст. партыю Германіі (КПГ) і разгарнуць супраць яе рэпрэсіі. На месцы здарэння быў арыштаваны галандскі беспрацоўны Ван дэр Любе, па абвінавачанні ў саўдзеле ў падпале — кіраўнік фракцыі КПГ у рэйхстагу Торглер, а таксама балг. камуністы Г.Дзімітроў, Б.​Папоў і В.​Танеў, якія знаходзіліся ў Германіі. Нацысцкая правакацыя выклікала хвалю пратэстаў у свеце; створаная вядучымі юрыстамі свету Міжнар. следчая камісія на «контрпрацэсе» ў Лондане (вер. 1933) даказала, што рэйхстаг падпалілі герм. нацысты. У гэтых умовах, а таксама дзякуючы прамоўніцкаму таленту Дзімітрова, які даказаў ілжывасць прад’яўленага яму абвінавачання, усе падсудныя (акрамя прыгаворанага да пакарання смерцю Ван дэр Любе) былі апраўданы «за адсутнасцю доказаў».

Літ.:

Процесс о поджоге рейхстага и Георгий Димитров: Док.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1981—88;

Димитров Г. Лейпцигский процесс: Речи, письма и документы. 2 изд. М., 1984.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ КАМПА́НІЯ 1939,

германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм. вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням. г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген. В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн. чал.), каля 10 тыс. артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн. чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.​Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер. герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.​Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс. чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс. чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл. Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).

Літ.:

Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;

Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;

Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;

Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;

Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;

Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук.-тэарэт. канф. Мн., 2000.

В.​А.​Астрога, У.​В.​Грыбоўскі.

Да арт. Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)