Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБКО́ЎСКІ ((Dąbkowski) Пшэмыслаў) (23.2.1877, г. Львоў, Украіна — 18.12.1950),
польскі юрыст, гісторык права. Чл. Кракаўскай АН. Праф. Львоўскага ун-та (1916). У 1925—39 выдаваў «Гістарычна-прававы дзённік» (т. 1—13) і «Гістарычна-прававы даведнік». Аўтар адзінай на сёння сістэматызаванай працы «Прыватнае польскае права» (т. 1—2, 1910—11), навук. прац па гісторыі польскага права, архівістыцы, сац.-эканам. гісторыі («Парука», 1904, «Заклад», 1905, «Спадчынная і набытая маёмасць у праве літоўскім», 1916, і інш).
т. 6, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА,
замежны орган знешніх зносін дзяржавы. Д.п., якое ўзначальвае пасол, называецца пасольствам; якое ўзначальвае пасланнік або пастаянны павераны ў справах — місіяй. Прававы статус Д.п. вызначаецца Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961, двухбаковымі пагадненнямі дзяржаў і ў пэўных межах нормамі нац. права дзяржавы знаходжання і дзяржавы прызначэння. Прававы статус Д.п. пры міжнар. і міжурадавых арг-цыях вызначаецца з улікам Венскай канвенцыі аб прадстаўніцтвах дзяржаў у іх дачыненнях з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару 1975.
Ю.П.Броўка.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСВЕ́ДЧАННЕ,
афіцыйны дакумент, які засведчвае асобу прад’яўніка і яго прававы статус або сцвярджае пэўныя факты і правы. Напр., пашпарт, П. работніка дзярж. органа, установы, ваеннаслужачага, дэпутата, пенсіянера і інш.
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),
глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.
т. 10, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРДАНЕ́ЛЫ (Dardanelles),
тур. Чанакале-Багазы, стараж.-грэч. Гелеспонт), праліў паміж Еўропай (Балканскі п-аў) і Азіяй (п-аў М.Азія). Злучае Эгейскае м. з Мармуровым м. Даўж. 120 км, шыр 1,3—27 км, глыб. на фарватэры 29—153 м. Парты Гелібалу, Чанакале (Турцыя). Пра міжнар. прававы рэжым Д. гл. ў арт. Чарнаморскія пралівы.
т. 6, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗАКО́ННЫ АКТ,
прававы акт органа дзярж. улады, які мае больш нізкую юрыд. сілу, чым закон. Прымаецца на аснове і ў выкананне закону. У Рэспубліцы Беларусь да П.а. адносяцца ўказы Прэзідэнта, пастановы і распараджэнні ўрада, мін-ваў, дзярж. к-таў і інш. органаў выканаўчай улады, а таксама пастановы палат Нац. сходу, рашэнні судоў і інш.
т. 11, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ЛЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ (у міжнар. праве),
штучныя марскія шляхі, якія звязваюць марскія прасторы і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Знаходзяцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, на тэрыторыі якой размешчаны. Рэжым плавання праз К.м. рэгулюецца міжнар. пагадненнямі (напр., Панамскі, Суэцкі каналы) або толькі ўнутр. правам тэр. суверэна (Кільскі канал). Аднак ва ўсіх выпадках прававы рэжым канала, які прызнаны ў якасці міжнароднага, павінен улічваць інтарэсы міжнар. суднаходства.
т. 7, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,
прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць устаноўленых або санкцыяніраваных дзяржавай прававых і лакальных норм, прынятых ва ўстаноўленым парадку самімі юрыд. асобамі. Вызначае асн. прынцыпы, формы і парадак арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулюе іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі с.-г. аграпрамысловых прадпрыемстваў і аб’яднанняў і інш. грамадзянамі ў сувязі з вядзеннем імі сельскай гаспадаркі. Гал. крыніца С.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Нормы С.п. ёсць таксама ў інш. галінах права (зямельнага, гаспадарчага, працоўнага і інш.). Асн. інстытуты С.п.: прававое становішча с.-г. прадпрыемстваў, вытв. аб’яднанняў у сельскай гаспадарцы; прававы статус работнікаў сельскай гаспадаркі; арганізацыйна-прававыя формы ўнутрыгаспадарчага кіравання с.-г. прадпрыемствамі і аб’яднаннямі; права землеўладання і землекарыстання с.-г. прадпрыемстваў, аб’яднанняў і грамадзян; прававы рэжым маёмасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў; прававое рэгуляванне арганізацыі, дысцыпліны і аховы працы на с.-г. прадпрыемствах; прававое рэгуляванне аплаты працы ў сельскай гаспадарцы; прававое рэгуляванне вытворча-гаспадарчай і фінансавай дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў; дагаворныя адносіны; прававое рэгуляванне сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і асабістай падсобнай гаспадаркі ў сельскай мясцовасці; адказнасць за парушэнне с.-г. заканадаўства.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)