Міжнародна-прававая арэнда 7/176
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава, у якой функцыянуе рэжым канстытуцыйнага праўлення, ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства закону і права. Характэрныя адзнакі П.дз.: прызнанне і гарантаванасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, судовая абарона асоб і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін, адпаведнасць унутр. заканадаўства агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнар. права. Канцэпцыя П.дз. склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання універсальных ідэй мысліцеляў былых эпох — вяршэнства закона (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзялення ўлад (Палібій, Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.Ж.Русо, Дж.Лілберн і інш.). У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 1996, Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай П. дз.
І.І.Катляр.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ДАПАМО́ГА.
дагаворы аб прававой дапамозе, дагаворы, якія заключаюцца дзяржавамі па пытаннях супрацоўніцтва ўстаноў юстыцыі (судоў, органаў натарыяту, пракуратуры), па аказанні юрыд. дапамогі па цывільных, сямейных і крымін. справах. У СНД прынята Мінская канвенцыя аб П.д. і прававых адносінах (1993). Беларусь мае таксама дагаворы аб П.д. з шэрагам інш. замежных дзяржаў. Мэта дагавораў — забеспячэнне ўзаемнага прызнання і захавання маёмасных і асабістых правоў грамадзян адной дзяржавы на тэр. другой дзяржавы. Дагаворы рэгулююць пытанні супрацоўніцтва паміж установамі юстыцыі, прававой абароны, вызначэння кампетэнцыі судоў і прымянення права, працэсуальных правоў іншаземцаў, выканання даручэнняў аб П.д., прызначэння і выканання рашэнняў па цывільных, сямейных справах, прызнання і перасылкі дакументаў, выдачы злачынцаў і г.д. Паводле дагавора П.д. грамадзяне адной дзяржавы карыстаюцца на тэр. другой дзяржавы такой жа абаронай іх асабістых і маёмасных правоў, як і ўласныя грамадзяне.
І.І.Катляр.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ІНСПЕ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
спецыяльны орган, які ажыццяўляе нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правілаў па ахове працы. На Беларусі такія функцыі выконвае К-т па інспекцыі працы пры Мін-ве працы. У структуру К-та ўваходзяць: цэнтр. апарат, абл. і Мінскае гар. ўпраўленні, міжраённыя інспекцыі працы. Рашэнні К-та з’яўляюцца абавязковымі для выканання мін-вамі, інш. рэсп. органамі дзярж. кіравання, выканаўчымі і распарадчымі органамі, наймальнікамі і службовымі асобамі. Асн. задачы П.і.п.: нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы; прафілактыка, выяўленне і выкараненне парушэнняў заканадаўства; правядзенне спец. расследаванняў няшчасных выпадкаў на вытв-сці, а таксама кантроль за выкананнем наймальнікамі Палажэння аб расследаванні і ўліку няшчасных выпадкаў на вытв-сці, збор і аналіз інфармацыі аб няшчасных выпадках, прафес. захворваннях, парушэннях заканадаўства, падрыхтоўка прапаноў па іх папярэджанні і да т.п.
В.І.Семянкоў.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЛІФІКА́ЦЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВА,
крымінальна-прававая ацэнка злачыннага дзеяння, якая заключаецца ва ўстанаўленні адпаведнасці яго прыкмет да прыкмет складу злачынства, прадугледжанага крымін. законам. К.з. ажыццяўляецца органамі папярэдняга расследавання, а канчаткова — прыгаворам суда.
т. 8, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́ННАСЦЬ,
сукупнасць усіх фактычна ўчыненых проціпраўных дзеянняў (злачынстваў), за кожнае з якіх прадугледжана крымін. пакаранне; масавая негатыўная сацыяльна-прававая з’ява. Аналіз каранёў, прычын, характару і структуры З. дае магчымасць выпрацоўваць і ажыццяўляць меры па яе папярэджанні. Гл. таксама Адказнасць юрыдычная, Арганізаваная злачыннасць.
т. 7, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЭ́РСКІ СКЛАД,
адміністрацыйна-прававая катэгорыя асоб, якія маюць ваен. або ваен.-спец. падрыхтоўку (адукацыю) і асабіста прысвоеныя афіцэрскія званні; асн. частка ваен. кадраў дзяржавы. Асобы афіцэрскага складу могуць знаходзіцца непасрэдна на ваен. службе, лічыцца ў запасе або быць у адстаўцы. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь афіцэрскі склад падзяляецца на малодшы, старшы і вышэйшы (гл. ў арт. Званні воінскія).
т. 2, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),
аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».
т. 8, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).
т. 13, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ГАСПАДА́РЧЫ,
пагадненне, якое заключаецца паміж прадпрыемствамі, аб’яднаннямі, фірмамі у мэтах абслугоўвання іх гасп. дзейнасці і выканання намечаных абавязацельстваў. Асн. віды дагавора гаспадарчага — дагавор пастаўкі, дагавор падраду на капітальнае будаўніцтва, дагавор перавозкі грузаў. Да іх адносяцца таксама дагаворы кантрактацыі с.-г. прадукцыі, арэнды, на выкананне навук., праектных канструктарскіх работ, па аказанні паслуг і інш. Дагавор гаспадарчы выкарыстоўваецца і як прававая форма арг-цыі ўнутрыгаспадарчай дзейнасці (пагадненні аб арэндзе, падрадзе, у т. л. брыгадным).
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)