ПО́СТРЫГ,

пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.

Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАФІ́Т (ад грэч. neophytos той, хто нядаўна прыняў веравызнанне),

1) першапачаткова ў хрысціянстве: толькі што ахрышчаны паслядоўнік вучэння Хрыста; пасвячоны ў сан святара; манах, які прыняў пострыг. Н. наз. таксама таго, хто нядаўна прыняў якую-н. рэлігію.

2) Новы прыхільнік якога-н. вучэння або грамадскага руху; навічок у чым-небудзь.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н VI Кантакузін

(Iōannēs; каля 1293, Канстанцінопаль — 15.6.1383),

імператар Візант імперыі [1341—54]. Пры Андроніку III Палеалогу [1328—41] галоўнакаманд. імператарскімі войскамі. З 1341 рэгент пры непаўналетнім Іаане V Палеалогу, узначаліў паўстанне супраць яго і ў кастр. 1341 абвешчаны імператарам. У 1347 з дапамогай туркаў захапіў Канстанцінопаль, зрабіў Іаана V суправіцелем і выдаў замуж за яго сваю дачку. У 1349 задушыў паўстанне зілотаў. На працягу свайго праўлення вёў беспаспяховыя войны, у выніку якіх зах. вобласці імперыі захапілі сербы, усх. — туркі, на астравах панавалі генуэзцы і венецыянцы. Усеагульная незадаволенасць яго ўнутр. і знешняй палітыкай прымусіла адрачыся ад трона (1354) і прыняць пострыг. У манастыры напісаў «Гісторыю» (ахоплівае падзеі 1320—56), каштоўную багатым фактычным матэрыялам.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАЎ (Міхаіл Васілевіч) (31.5.1862, г. Уфа, Башкортастан — 18.10.1942),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1942). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1877—81 і 1884—86) і Пецярбургскай АМ (1881—84; з 1910 яе правадз. член). З 1889 экспанент, з 1896 член Т-ва перасоўных маст. выставак. Жыў у Маскве, у 1890—1910 у Кіеве. Раннія жанравыя карціны («Знаток», 1884), гіст. кампазіцыі («Да гасудара чалабітнікі», 1886), партрэты, ілюстрацыі ствараў у духу перасоўнікаў. Пазней звярнуўся да духоўна-рэліг. праблем, пошукаў прасветленай і чыстай духоўнай прыгажосці чалавека, які адрокся ад марнага свету. Для твораў характэрны лірычнасць вобразаў на фоне бляклай паўн. прыроды, серабрысты каларыт, спакойны настрой: «Пустэльнік» (1888—89), «Праява отраку Варфаламею» (1889—90) і інш. Цікавасць да псіхалогіі веруючых, да прасвятлення і азарэння набыла ў яго творах своеасаблівы драматызм: «Пад звон» (1895), «Вялікі пострыг» (1897—98), «Святая Русь» (1901—06), «На Русі» (1916). Творам гэтага часу ўласцівы рысы стылю мадэрн, якія ў манум. работах набылі характар халоднай стылізацыі: размалёўкі Уладзімірскага сабора ў Кіеве (1890—95), Марфа-Марыінскага манастыра ў Маскве (1908—11), мазаікі царквы Спаса «на крыві» ў Пецярбургу (1894—97). Майстар псіхал. партрэтаў: П. і А. Корыных (1930), А.​Северцава, І.​Шадра (абодва 1934), С.​Юдзіна, І.​Паўлава (абодва 1935), В.​Мухінай (1940) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Давние дни: Встречи и воспоминания. [2 изд.] М., 1959;

Из писем. Л., 1968.

Літ.:

Никонова И.И. М.​В.​Нестеров. 2 изд. М., 1984.

Л.​Ф.​Салавей.

М.В.Несцераў.
М.Несцераў. Праява отраку Варфаламею. 1889—90.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)