ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),

паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л. шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).

Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.

У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.​Вуячыч, Т.​Раеўская, Н.​Багуслаўская, Э.​Міцуль, А.​Падгайскі, В.​Кучынскі, Я.​Еўдакімаў, Я.​Паплаўская і А.​Ціхановіч, І.​Афанасьева, М.​Скорыкаў, І.​Дарафеева, В.​Дайнэка, Л.​Ялінская, І.​Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар. муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.​Шадзько, а таксама Э.​Акулін, З.​Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.​Казанцава, А.​Камоцкі, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТРА́ДНАЯ МУ́ЗЫКА параўнальна невял. муз. творы

(эстр. і масавыя песні, танц. музыка, эстр. інстр. мініяцюры, асобныя разнавіднасці джаза, апрацаваныя нар. песні і інш.),

якія вызначаюцца прастатой успрымання, кампазіцыйнай нескладанасцю. Нярэдка атаясамліваецца з лёгкай музыкай; мяжуе з паняццем «поп-музыка». Тэрмін «Э.м.» ўвёў Л.​Уцёсаў у 1948. Выкарыстоўваецца для абазначэння музыкі 19—20 ст. Лепшыя творы бел. Э.м. характарызуюцца глыбінёй лірычных эмоцый, мяккай манерай выканання, знешняй стрыманасцю, зместам. Э.м. на Беларусі звязана з дзейнасцю кампазітараў У.​Будніка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, А.​Елісеенкава, В.​Іванова, І.​Лучанка, У.​Мулявіна, В.​Раінчыка, Ю.​Семянякі, Р.​Суруса, Э.​Ханка, А.​Шпянёва; дырыжораў Ю.​Бяльзацкага, Б.​Райскага, М.​Фінберга; спевакоў В.​Вуячыча, Э.​Міцуля, А.​Падгайскага, В.​Прышчапёнка, Ю.​Смірнова, М.​Шуманскага, В.​Юневіча, а таксама І.​Афанасьевай, Н.​Багуслаўскай, Я.​Еўдакімава, С.​Кульпы, В.​Кучынскага, Я.​Навуменкі, В.​Пархоменкі, Т.​Раеўскай, А.​Саладухі, М.​Скорыкава, Г.​Халшчанковай, В.​Шутавай; вакальна-інстр. ансамбляў «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Чараўніцы» і інш.

Літ.:

Конников А. Мир эстрады. М., 1980;

Мархасев Л. В легком жанре. Л., 1984.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 18, кн. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНЦАВА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

у шырокім сэнсе — музыка для суправаджэння танца, а таксама муз. творы, якія захоўваюць прыкметы танц. жанраў, але прызначаны для слухання; у вузкім сэнсе — лёгкая музыка, якая суправаджае бытавыя танцы, састаўная частка эстр. і джазавай музыкі. Для Т.м. характэрны дамінаванне метра, тыповыя рытмавыя формулы, акрэсленасць кадэнцый, перавага інстр. жанраў (не выключаецца і вакал).

Т.м. — адзін са стараж. відаў музыкі. Першапачаткова Т.м. — вакальная, а першыя муз. інструменты — ударныя; падзялялася на нар. і прафес. (палацавая, цырыманіяльная, тэатралізаваная). На працягу развіцця Т.м. і некат. муз. жанры ўплывалі адзін на адзін. Да Т.м. адносяцца творы прафес. аўтараў з самаст. маст. каштоўнасцямі, якія маюць жанрава-танц. аснову (вальсы і мазуркі Ф.​Шапэна, «Славянскія танцы» А.​Дворжака, «Арагонская хота» М.​Глінкі). У гэтых творах элементы Т.м. спалучаюцца з танцавальнасцю як асаблівым эстэт. прынцыпам. У агульнамаст. плане танцавальнасць уласціва значнай колькасці твораў прафес. музыкі самых разнастайных жанраў. З 20 ст. Т.м. — найб. пашыраны від муз. мастацтва, што належыць да масавай культуры (гл. Поп-музыка). Сваёй папулярнасцю і уніфікаванасцю Т.м. абавязана сродкам масавай інфармацыі. Сярод традыц. і сучаснай Т.м. 20 ст. найб. папулярныя вальс, танга, рок-н-рол, брэйк-данс інш.

Літ.:

Ефименкова Б. Танцевальные жанры в творчестве замечательных композиторов прошлого и наших дней. М., 1962.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІВО́ДА Ігар Ігаравіч (16.5.1950, г. Стэрлітамак, Башкортастан — 28.2.1996),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1974, клас Р.Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988, клас Дз. Смольскага). У 1976—84 у вак.-інстр. ансамблі «Песняры», з 1988 у Дзярж. аркестры сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. Працаваў пераважна ў галіне вак.-інстр. музыкі, дзе стварыў арыгінальны песенны стыль. Сярод твораў: кантата «Слова» на вершы сав. паэтаў (1987); Музыка для струнных і фп. (1984), Канцэрт для фп. з арк. (1986), Прэлюдыя і фуга для стр. арк. (1995); камерна-інстр.: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фп. (1983), Саната для фп.; Таката для віяланчэлі і фп.; фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера «Максім» на вершы М.​Багдановіча (1991), опера-песня «Беларушчына» на вершы Я.​Купалы (1992), цыклы песень «Матчын спеў» на вершы А.​Куляшова (1993), «Нёман» на нар. словы (1995), песні на вершы Р.​Барадуліна, Н.​Гілевіча, Л.​Пранчака.

Р.​М.​Аладава.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,

музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыка гар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц. сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.

Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт. вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв. песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар. раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л. джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.

На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес. бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;

Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);

Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;

Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982.

Т.​А.​Шчарбакова.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКАЯ МУ́ЗЫКА,

умоўная назва шырокай сферы муз. жанраў, прызначаных пераважна для развесялення. Лёгкадаступная для ўспрымання шырокімі масамі слухачоў. Для яе характэрны дэмакр. інтанацыйная мова, прастата муз. формы, рэльефнасць вобразна-эмацыянальнага зместу. Л.м. звычайна проціпастаўляюць «сур’ёзнай», класічна арыентаванай музыцы. Узоры Л.м. ў розны час стварылі І.​Ланер, бацька і сын Штраусы, Ж.​Афенбах, І.​Дунаеўскі і інш. Са сферай Л.м. перакрыжоўваюцца традыц. муз. жанры: ад масава-быт. песні да аркестравых сюіт, фантазій, папуры, аперэт і нават опер («Маленькая начная серэнада» В.​А.​Моцарта, фп. рапсодыі Ф.​Ліста, вальсы з балетаў і арыі з опер П.​Чайкоўскага, «Рэгтайм» І.​Стравінскага, «Пушкінскія вальсы» С.​Пракоф’ева, «Святочная уверцюра» Дз.​Шастаковіча, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў Г.​Свірыдава і інш.). У муз. культуры 2-й пал. 20 ст. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з эстраднай музыкай (джаз, рок, біт і інш.), часам яе атаясамліваюць з поп-музыкай. Л.м. выкарыстоўваецца як аптымізуючы псіхал. фактар у вытворчасці (функцыян. музыка) і ў мед. мэтах (псіх. рэлаксацыя, муз. тэрапія). У апошні час сфера Л.м. імкліва пашыраецца, істотна ўплывае на фарміраванне муз.-эстэт. густаў слухачоў. На Беларусі ў галіне Л.м. працуюць кампазітары У.​Буднік, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, В.​Раінчык, Э.​Ханок і інш. Да Л.м. можна аднесці шэраг п’ес бел. кампазітараў, якія не задуманы як масавыя, але сталі імі дзякуючы яркай вобразнасці, меладызму, рэльефнасці муз. формы (сімф. мініяцюры «Мушкецёры» і «Сувеніры», фрагменты з балетаў Я.​Глебава, вальсы і мазурка з музыкі А.​Багатырова да драмы М.​Лермантава «Маскарад», фрагменты з балетаў Г.​Вагнера, праграмныя п’есы, у т. л. для аркестра нар. інструментаў А.​Мдывані і інш.).

Літ.:

Сохор А.Н. О массовой музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1980.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),

1) у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.

Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.​Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.​Пікасо, Ж.​Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.​Северыні, А.​Кручоных), дадаізму (К.​Швітэрс, Ж.​Грос, М.​Рэй), супрэматызму (К.​Малевіч, У.​Татлін), сюррэалізму (Ж.​Міро, М.​Эрнст), поп-арту (Р.​Гамільтан, Дж.​Дайн) і інш.

У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.​Стржамінскага, У.​Мудрогіна, М.​Данцыга, М.​Паўлоўскага, М.​Селешчука, Г.​Хацкевіча-Мінскага, В.​Смаляк, Л.​Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.

2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.​Айвза (квартэт № 2), А.​Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.​Берыо (сімфонія), Дз.​Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.​Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.​Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.​Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.​Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.​Брамса, «Пацалунак феі» І.​Стравінскага).

Літ.:

Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.

М.​Л.​Цыбульскі (выяўл. мастацтва), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад лац. expressio выражэнне),

кірунак у еўрапейскім мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік як пратэст супраць жахаў 1-й сусв. вайны, сац. несправядлівасці, трагізму чалавечага быцця. Абапіраючыся на пошукі інтуітывізму А.​Бергсана і фенаменалогію Э.​Гусерля, прадстаўнікі Э. лічылі найб. адэкватным спосабам пазнання інтэлектуальную інтуіцыю. Тэрмін «Э.» увёў у навук. ўжытак Г.​Вальдэн у 1911. Прынцыпы Э. найб. яскрава выявіліся ў мастацтве Германіі і Аўстрыі. Пасля 1-й сусв. вайны Э. пашырыўся ў л-ры, выяўл. мастацтве, тэатры, кінематографе, музыцы, архітэктуры ў краінах Еўропы і Амерыкі. Асн. яго рысы: «антыкласічнасць», цяга да абстрактнага абагульнення, адмаўленне ад гарманічнай яснасці форм, экспрэсія, паглыбленне ў свет суб’ектыўных перажыванняў. У палеміцы з натуралізмам і імпрэсіянізмам, зыходзячы з падкрэслена суб’ектыўнага адлюстравання жыцця, Э. абвясціў мэтай мастацтва не адлюстраванне рэчаіснасці, а выяўленне яе сутнасці. Упершыню Э. аформіўся ў жывапісе і графіцы на аснове традыцый постімпрэсіянізму В.​Ван Гога, П.​Гагена, Э.​Мунка і інш.

У выяўленчым мастацтве Э. імкнуўся да ўсяго невыразнага, няўстойлівага як у духоўным выяўленні вобраза, так і ў форме. У жывапісе Э. не парываў з выяўленчасцю, але яна балансавала на мяжы ідэальнага («Ноч», «Арганаўты» М.​Бекмана); малюнак характарызуецца ламанасцю ліній, кантрастнасцю колераў, дэфармаванасцю прасторы, калі выява ў нейкім новым аспекце прымушае гледача востра рэагаваць на карціну, уцягваючы яго ў кола перажыванняў мастака (О.​Какошка, Э.​Л.​Кірхнер, Э.​Нольдэ і інш.). Члены аб’яднання «Сіні коннік» (Мюнхен, 1911) В.​В.​Кандзінскі, П.​Клее, Ф.​Марк і інш. імкнуліся знайсці такія законы колеру і формы, якія б дазволілі выказаць, на іх думку, «нябачныя сутнасці», не выяўляючы аб’ект знешняга свету, а прыходзячы да адной з гал. задач абстрактнага мастацтва. У пач. 1980-х г. паявіўся новы экспрэсіянісцкі рух у выяўл. мастацтве — неаэкспрэсіянізм. Ён народжаны жаданнем новага пакалення мастакоў вызваліцца ад некаторых характэрных рыс поп-арта і інш. стыляў («мінімалізму», «колеравага» жывапісу). Яго прадстаўнікі М.​Морлі, Д.​Шнабел (ЗША), Д.​Базілец (Германія), Ф.​Клементэ, Э.​Кучы (Італія), К.​Кіф (Вялікабрытанія) абвясцілі вяртанне ў жывапіс фантазіі, містыкі, эротыкі, галюцынацый, няўстрыманасці.

У тэатры Э. зацвердзіў формулу т.зв. «Stationen-drama», дзе дзеянне развівалася не паступова, а штуршкамі, адмаўлялася праўдападабенства ў сюжэце і вобразах, дзе найперш ажыццяўлялася драма пэўных ідэй. Большасці такіх п’ес уласцівы аголены схематызм калізій (К.​Штэрнгайм), сюжэты часам робяцца фантастычнымі, умоўнымі, алегарычнымі («Чалавек — маса» Э.​Толера, 1921). Напр., у п’есах Г.​Кайзера «З ранку да паўночы» і «Карал» персанажы пазбаўлены індывід. рыс, іх мова напружаная і патэтычная. У пастаноўках п’ес І.​Бехера, Ф.​Верфеля, Г.​Кайзера, Штэрнхейма рэжысёры Р.​Вейхерт, К.​Х.​Марцін, Г.​Гартунг распрацоўвалі асаблівыя экспрэсіўныя прыёмы, вобразы будавалі на аснове якой-небудзь адной характэрнай рысы, ператвараючы іх у маскі. Вял. ўвага аддавалася афармленню сцэны: незвычайнае асвятленне, абстрактныя дэкарацыі з касымі і нахіленымі плоскасцямі, сімвалічныя аксесуары. Экспрэсіянісцкія прыёмы выкарыстоўваліся і ў пастаноўках класічных твораў У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера і інш. У СССР гэты ўплыў выявіўся ў некаторых пастаноўках Я.​Б.​Вахтангава, У.​Э.​Меерхольда, А.​Я.​Таірава і інш.

У кінамастацтва Э. прынёс містычныя сюжэты, прасякнутыя фатальнай наканаванасцю («Пражскі студэнт» С.​Рыўе, 1913); матывы хаосу і жорсткасці («Кабінет васковых фігур», рэж. П.​Лені, 1924); у галюцынацыях і кашмарах вар’ятаў свет атаясамліваецца з домам звар’яцелых («У кабінеце ўрача Калігары», рэж. Р.​Віне, 1919). Экранізацыя рамана Б.​Стокера «Дракула» дала пачатак шматлікім галівудскім «фільмам жахаў». Спосабам павышэння выразнасці былі рэзкія кантрасты святла і ценю, дэфармацыя прадметаў, натура замянялася дэкарацыямі, наплывы і шматлікія экспазіцыі стваралі вобраз фантастычнага свету. У сав. кінамастацтве ў экспрэсіянісцкай манеры пастаўлены фільм І.​А.​Пыр’ева «Дзяржаўны чыноўнік» (1931). Да 1925 Э. вычарпаў сябе як цэласны кірунак, але асобныя яго выяўл. сродкі да нашых дзён уплываюць на развіццё выяўл. сродкаў кінамастацтва.

У музыцы асаблівасць экспрэсіянісцкай школы выявілася ў страце ідэалаў: хваравітае ўспрыняцце незваротнай страты, туга па мінулым, пачуццё асуджанасці, песімізм, падсвядомы страх перад «цёмнымі сіламі» будучага. Шэраг такіх элементаў праявіўся ў творах Г.​Малера («Песня пра зямлю», 1908), у операх Р.​Штрауса («Саламея», 1905, «Электра», 1908). Найб. яскрава Э. праявіўся ў творчасці кампазітараў т.зв. Новай венскай школы — А.​Шонберга, А.​Берга, А.​Веберна, якія выпрацавалі атанальнасць — адмаўленне ад напеўнай мелодыі, ясных танальных устояў. Напр., у «Месяцавым П’еро» Шонберга (1912) танальнасць поўнасцю раствараецца. У 1920-я г. Шонберг стварыў сістэму кампазіцыі, заснаванай на рознага роду паўторах (серыйная музыка), якая атрымала назву дадэкафонія. Дадэкафоннае пісьмо шырока выкарыстоўваў і Берг (опера «Воцэк», 1918—20).

У архітэктуры Э. характарызаваўся разрывам з традыцыйнымі нац., гіст. стылямі, прапагандай выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (Р.​Штэрнер, Э.​Мендэльзон, Г.​Пёльцыг, Б.​Таўт і інш.).

У літаратуры асаблівасці Э. — гратэскавая фантастычнасць сюжэтаў і вобразаў, алагічнасць, імітацыя кашмарных сноў, ускладненая метафарычнасць мовы (мова Э.​Толера, Р.​Зорге, некаторыя творы Л.​М.​Андрэева).

У пач. 20 ст. ў мастацкай культуры Беларусі Э. як самаст. кірунак не праявіўся. У 1920 — пач. 30-х г. выяўл. сродкі і стылістыка Э. выкарыстоўваліся ў бел. л-ры, музыцы, тэатры. Творчае засваенне дасягненняў Э. працягваецца і ў сучасным мастацтве.

Літ.:

Экспрессионизм: Драматургия. Живопись. Графика. Музыка. Киноискусство: Сб. ст. М., 1966;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Куликова И.С. Экспрессионизм в искусстве. М., 1978;

Семенова Т.В. Экспрессионизм современного искусства авангарда. М., 1983;

Гомбрих Э. История искусства: Пер. с англ. М., 1998;

История мирового искусства: Пер. с итал. М., 1998.

Э.​В.​Шыкунова.

Да арт. Экспрэсіянізм. Э.​Мунк. Крык.

т. 18, кн. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКА 1990 — пач. 2000-х гадоў.

У гэты перыяд абнаўляльную ролю адыгралі прадстаўнікі новай кампазітарскай генерацыі — В.​Капыцько, У.​Каральчук, В.​Кузняцоў, А.​Літвіноўскі, Дз.​Лыбін, Я.​Паплаўскі, Л.​Сімаковіч, А.​Хадоска і інш. Працягваецца пашырэнне вобразна-паэт. дыяпазону бел. музыкі. Яна ўзбагацілася літургічнымі жанрамі, муз. сімволікай знаменных спеваў, харала; традыцыі духоўнай музыкі пануюць у жанрах вак.-сімф. і харавой музыкі, літургічныя рысы выяўляюцца ў оперы, балеце, сімфоніі, камерна-інстр. музыцы; уплываюць на стыль кампазітараў А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, С.​Бельцюкова, А.​Залётнева, А.​Хадоскі, Л.​Шлег і інш. Ідэі нац. адраджэння стымулююць цікавасць да гіст. мінулага. У 1992 арганізавана тэатральна-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», якая вядзе працу па збіранні і ўвядзенні ў культурны ўжытак муз. помнікаў. На іх аснове створаны арыгінальныя транскрыпцыі постмадэрнісцкага кірунку: опера «Апалон-заканадаўца» В.​Вардоцкага—Дз.​Смольскага, кантата «Куранты» В.​Капыцько (па матэрыялах ананімнага зборніка 17 ст.). Неакласіцыстычная тэндэнцыя ў творах В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, С.​Янковіча набывае нац. афарбоўку, неафальклорная — выступае ў традыцыйных (Р.​Сурус, К.​Цесакоў) і арыгінальных (В.​Капыцько, Дз.​Лыбін, Я.​Паплаўскі) формах. Новая хваля развіцця бел. музыкі звязана з радыкальным абнаўленнем кампазітарскай тэхнікі, калі авангардныя сродкі выразнасці ўспрымаюцца як развіццё традыцый сусв. музыкі 2-й пал. 20 ст. Новае ў фанасферы звязана з шырокім развіццём санорнай музыкі, з’яўленнем электраакустычных і электронных кампазіцый; на нац. стыль уплываюць муз. элементы нееўрап. культур. Павялічылася роля сінкрэтызму; постмадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў працэсе ўплываў на акадэмічныя жанры поп-музыкі. У 1991 пры Саюзе кампазітараў Беларусі арганізавана Бел. асацыяцыя сучаснай музыкі, якая актывізавала міжнар. сувязі бел. музыкантаў. Найб. якасныя змены ўласцівы муз.-тэатральнай творчасці бел. кампазітараў. Падзеяй у нац. культуры 1990-х г. сталі пастаноўкі оперы «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі і балета «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані. Трактаваная ў легендарным ключы нац. гісторыя прадстаўлена праз прызму духоўнай праблематыкі, драм. эпас адцяняецца лірыка-псіхалагічнай драмай, у муз. стылістыцы вял. роля належыць неаархаіцы. Філасофская і маральна-этычная праблематыка вызначае канцэпцыі оперы «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава паводле М.​Булгакава і «Візіт дамы» С.​Картэса паводле Ф.​Дзюрэнмата. Іх вылучае своеасаблівая паэтыка (спалучэнне трагедыі, сатыры, прытчы, элементаў містэрыі), вял. роля трагічнага гратэску, дынамічная мантажная драматургія на аснове скразнога сімф. развіцця.

У 2-й пал. 1990-х г. Нац. т-р оперы Беларусі паставіў камерную камічную оперу «Юбілей» С.​Картэса паводле А.​Чэхава, Нац. т-р балета Беларусі — аднаактовую кампазіцыю «Кругаверць» А.​Залётнева па матывах бел. нар. балад і камерны балет-сімвал «Макбет» В.​Кузняцова паводле У.​Шэкспіра. З’явіліся новыя тэатральныя формы: манаопера «Адзінокі птах» А.​Залётнева (т-р «Зніч»), муз.-пластычная містэрыя «Благаславі нас, Гасподзь» на аснове харавых кампазіцый С.​Бельцюкова і А.​Залётнева (Нац. рус. драм. т-р Беларусі). Самабытнасцю вылучаюцца сінкрэтычныя муз.-пластычныя дзействы «Інтуіцыя міфу» і «Эўтаназія. Апошні рытуал» Л.​Сімаковіч (фалькл. т-р «Госціца» Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі). Элементы рытуальнага дзейства закладзены і ў структуру шэрагу камерных твораў В.​Капыцько, В.​Кузняцова, не разлічаных на тэатральную сцэну. У жанрах аперэты і мюзікла ў 1990-я г. плённа працавалі У.​Кандрусевіч («Джулія» паводле С.​Моэма і «Шклянка вады» паводле Э.​Скрыба), А.​Чыркун (нар. муз. камедыя «Калі заспявае певень»). У рэпертуары для дзяцей з’явіліся мюзікл «Пітэр Пэн» А.​Буцько, опера «Вясновая песня» В.​Войціка. Многія спектаклі драм. т-раў набываюць статус муз. камедыі і мюзікла, музыку да якіх пішуць У.​Кур’ян, В.​Кандрасюк, У.​Кандрусевіч. У вак.-сімфанічнай і харавой музыцы духоўнай змястоўнасцю вылучаюцца кантаты, усяночныя, харавыя канцэрты і мініяцюры А.​Бандарэнкі, А.​Безансон, А.​Літвіноўскага, Я.​Паплаўскага, Л.​Шлег, А.​Хадоскі (на літургічныя тэксты). Сучасную інтэрпрэтацыю набывае адроджаны жанр імшы («Грыгарыянская імша» А.​Літвіноўскага, «Меса ў гонар святога Францыска Асізскага» В.​Капыцько, «Нясвіжская імша» Ф.​Шымкевіча—А.​Залётнева). Фалькл. кірунак прадстаўлены араторыяй «Беларускае вяселле» К.​Цесакова, «Каляднай сімфоніяй» для нар. хору Э.​Наско, арыгінальнай фанічнай канцэпцыяй «Спевы даўнейшых ліцвінаў» В.​Кузняцова (на тэксты Я.​Чачота). Дасягнула росквіту камерная і сольная кантата: «Тысяча гадоў надзеі» Г.​Гарэлавай, «Аб мудрасці, смутку і радасці» (на тэксты М.​Кузанскага, Т.​Мэлары, К.​Чукоўскага), «Карнавальная ноч» (на тэкст Т.​Мана), «Знакі» (на тэкст М.​Рэрыха) В.​Капыцько. Значную ролю ў муз.-выканаўчым працэсе адыгрывае Дзярж. камерны хор і капэла «Санорус». У бел. сімфанічнай музыцы 1990 — пач. 2000-х г. вырасла роля абагульненай праграмнасці. Філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці набыло трагедыйную накіраванасць у 8-й і 10-й («10 адкрыццяў») сімфоніях Дз.​Смольскага, 9-й і 10-й («Чорная быль») сімфоніях Ф.​Пыталева, 8-й («Шлях зямны», паводле Дантэ) А.​Мдывані, 2-й сімфоніі і канцэрце для трубы У.​Дамарацкага, канцэрце-сімфоніі з саліруючым трамбонам У.​Каральчука; арыгінальная трактоўка жанру ў 9-й сімфоніі з саліруючай электрагітарай Дз.​Смольскага. Укладам у бел. Скарыніяну сталі сімфоніі: 3-я «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць» У.​Дарохіна і «Lux aeterna» Я.​Паплаўскага. Жанр духоўнай музыкі прадстаўлены 2-й сімфоніяй А.​Хадоскі; на санорнай аснове ў свабодных формах напісаны 3-я сімфонія і «Цэзій-134» В.​Кузняцова, сімф. паэма «Гефсіманія» С.​Бельцюкова, арыгінальная канцэпцыя камернай сімфоніі «Апошняя восень паэта» В.​Войціка (на вершы П.​Верлена ў перакладзе М.​Багдановіча). На высокім маст. узроўні застаюцца творы канцэртнага жанру; пашыраецца кола сола-інструментаў, індывідуалізуецца аркестравы склад. Рэпертуарнымі сталі канцэрты для гітары, для альта, для 2 труб «Троіцкія фрэскі» Г.​Гарэлавай, фартэпіянны канцэрт Дз.​Смольскага, для віяланчэлі Ф.​Пыталева, для цымбал У.​Кур’яна. Створаны канцэрты для домры, балалайкі (Г.​Ермачэнкаў), для духавога аркестра (У.​Прохараў). Сярод камерных жанраў лідзіруе інструментальны. Актыўныя пошукі ў галіне тэмбравых спалучэнняў, вытанчанасць эмацыянальна-вобразнага свету характэрны разнастайным камерным ансамблям, якія напісаны для ансамбля салістаў «Класік-авангард».

Актыўна развіваюцца традыцыйныя камерна-інстр. жанры, якія трансфармуюцца знутры. Праводзяцца Міжнар. фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (з 1992), нац. «Музыка і тэатр» (з 1996), муз. «Адраджэнне бел. капэлы» (з 1991), духоўнай песні «Магутны божа» (з 1992), «Міжнародны джаз-фестываль» (з 1994), Міжнар. фестываль сучаснай музыкі і інш.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.​Шырмы.

т. 18, кн. 2, с. 673

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫКА 1920—80-х гадоў.

Сярод першых дзярж. муз. устаноў на Беларусі былі Нар. кансерваторыі ў Віцебску (1918), Гомелі (1919), Бабруйску (1921), якія пазней ператварыліся ў муз. тэхнікумы і школы. Значную ролю адыграла адкрыццё Бел. муз. тэхнікума ў Мінску (1924). У 1930 на яго базе была створана Бел. студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж. тэатр оперы і балета Беларусі, з 1996 творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»). Яго выпускнікі склалі аснову Дзярж. сімф. аркестра БССР (1927) і Дзярж. нар. аркестра БССР (1930), У 1932 адкрыты Бел. кансерваторыя (з 1994 Бел. акадэмія музыкі), у 1937 — Бел. філармонія. У 1938 створаны Саюз кампазітараў (у 1932—38 існавала як секцыя кампазітараў пры Саюзе пісьменнікаў БССР). У 1920-я г. закладзены асновы бел. кампазітарскай школы. Ля яе вытокаў стаялі М.​Аладаў, А.​Багатыроў, В.​Залатароў, Р.​Пукст, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. У кампазітарскай творчасці 1920—50-х г. вызначальную ролю адыгрываў нац. фальклор, які развіваўся ў стылістычным рэчышчы рус. класічнай традыцыі. Жанравыя прыярытэты дзярж. палітыкі ў галіне музыкі — масавая песня (папулярныя хары, песні стваралі У.​Алоўнікаў, М.​Анцаў, І.​Любан, Р.​Пукст, Н.​Сакалоўскі, У.​Тэраўскі) і нац. муз.-тэатральны рэпертуар. Да 1-й дэкады бел. літаратуры і мастацтва ў Маскве (1940) былі прымеркаваны опера-легенда «Кветка шчасця» А.​Туранкова, оперы на героіка-патрыят. тэму «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (паводле Я.​Коласа), «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага і балет «Салавей» М.​Крошнера (паводле З.​Бядулі). Гэтыя тэматычныя кірункі захоўваліся да сярэдзіны 1950-х г. У акупіраваным Мінску адбылася прэм’ера оперы М.​Шчаглова «Лясная песня». Пасля вайны побач з партыз. тэмай («Алеся» Я.​Цікоцкага, «Андрэй Касценя» М.​Аладава, «Марынка» Р.​Пукста) з’явіліся гіст. («Кастусь Каліноўкі» Дз.​Лукаса, «Надзея Дурава» А.​Багатырова), нац.-легендарная (балет «Князь-возера» В.​Залатарова). Значную ролю ў бел. музыцы 1920—50-х г. адыгрывалі вак.-сімфанічныя жанры (кантаты «Босыя на вогнішчы» Т.​Шнітмана, «Над ракой Арэсай» М.​Аладава, «Сказ пра Мядзведзіху» і «Беларускім партызанам» А.​Багатырова; у камерна-вакальнай музыцы пераважалі рамансы на вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча; папулярнасцю карыстаўся жанр апрацоўкі бел. нар. песні. Бел. сімфанічная творчасць таго часу прадстаўлена жанрамі сімфаньеты (сярод лепшых — «Беларускія малюнкі» М.​Чуркіна), сімфоніяй пераважна эпічнага складу (2-я М.​Аладава, 4-я «Беларусь» В.​Залатарова, 2-я Р.​Пукста, 1-я і 2-я А.​Багатырова, 3-я і 4-я Я.​Цікоцкага), рознажанравымі праграмнымі творамі. З канца 1930-х г. развіваўся жанр інстр. канцэрта (для скрыпкі з аркестрам Г.​Столава і П.​Падкавырава, для фартэпіяна з аркестрам А.​Клумава і Дз.​Камінскага); камерна-інстр. музыка прадстаўлена інстр. ансамблямі, творамі для фартэпіяна. Сярод выканаўцаў 1920—50-х г.: хар. дырыжоры Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, цымбаліст І.​Жыновіч і дамрыст Г.​Жыхараў, оперна-сімф. дырыжоры Б.​Афанасьеў, І.​Гітгарц, В.​Дуброўскі, Л.​Любімаў, М.​Шнейдэрман; оперныя спевакі Л.​Александроўская, І.​Балоцін, М.​Ворвулеў, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, Р.​Млодак. У муз. крытыцы выступалі Ю.​Дрэйзін, А.​Карповіч, Б.​Смольскі.

Бел. музыка 1960—80-х г. вылучаецца дынамічнасцю развіцця, паралельным развіццём розных маст. тэндэнцый, пошукамі новых жанравых і індывідуальна-стылёвых вырашэнняў. Стылёвым арыенцірам у творчасці бел. кампазітараў Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Э.​Тырманд, К.​Цесакова сталі традыцыі І.​Стравінскага, Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева. У творчасці С.​Картэса, Дз.​Смольскага, А.​Янчанкі выявілася далучэнне да радыкальных тыпаў сучасных кампазітарскіх тэхнік (серыялізму, алеаторыкі). Абнаўленне муз. стылістыкі ў духу экспрэсіянізму выявілася ў творах антываеннага зместу: у 1960-я г. — камернай араторыі «Песні Хірасімы» Дз.​Смольскага (на тэксты яп. паэтаў), «Эроіцы» А.​Янчанкі (на тэксты Ю.​Фучыка, П.​Элюара, Т.​Карповіча), вак.-сімф. паэме «Попел» С.​Картэса (на вершы Э.​Межэлайціса), у 1970-я г. — «Рэквіеме» Л.​Шлег (на кананічныя і тэксты з кнігі А.​Адамовіча, Я.​Брыля і І.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі»), у 1980-я г. — у 2-й Сімфоніі «Памяці М.​Гарсіі Лоркі» А.​Соніна.

У 1960-х г. для кампазітарскай творчасці характэрны перавага сучаснай тэматыкі, сцвярджальны грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, манументалізм. У сістэме муз. жанраў пераважалі буйныя формы складанай муз. драматургіі: сімфонія, вак.-сімфанічная музыка, балет. У 1970-я г. ў муз. мастацтве пашырыліся рамант. тэндэнцыі, роля рэтраспекцыі і сінтэзу, на першы план выйшлі камерныя жанры. Актуалізаваліся праблемы нацыянальнага, набрала моц неафальклорная тэндэнцыя. Штуршком для яе развіцця побач з традыцыямі рус. «фальклорнай хвалі» з’явілася кантата «Беларускія песні» А.​Багатырова. Значныя маст. дасягненні ў гэтым кірунку належаць кампазітарам В.​Войціку, Г.​Гарэлавай, Л.​Захлеўнаму, А.​Мдывані, В.​Помазаву, Л.​Шлег. Тэндэнцыі неакласіцызму характэрны творам Л.​Абеліёвіча (арыя для скрыпкі і камернага аркестра), Г.​Вагнера (2-я сімфонія для камернага аркестра, балет «Пасля балю»), А.​Мдывані (3-я сімфонія «У стылі барока»), неарамантычная плынь — Г.​Гарэлавай (паэма «Бандароўна», вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Г.​Ахматавай, Э.​Верхарна).

Абнаўленне вобразнага зместу сімфоніі праявілася ў дамінаванні лірыка-драм. і лірыка-псіхалагічнай сімф. канцэпцыі: 1—3-я сімфоніі Л.​Абеліёвіча; 4-я, 6-я, 7-я сімфоніі М.​Аладава; 2—4-я сімфоніі Я.​Глебава, 1—7-я сімфоніі Дз.​Смольскага; 2-я, 6-я, 7-я сімфоніі Ф.​Пыталева. Маст. цэласнасць твора абумоўлена скразным інтанацыйным развіццём; удасканальваўся інстр. стыль сімфоніі, узбагачаўся аркестравы каларыт. Жанравая індывідуалізацыя і міжжанравы сінтэз спрыялі нараджэнню сімфоній: канцэртнай (3-ія Я.​Глебава і Дз.​Смольскага з саліруючым фартэпіяна, 4-я Дз.​Смольскага з саліруючай скрыпкай, 2-я У.​Дарохіна з саліруючым струнным квартэтам) і вак. (5-я «Памяць зямлі» і 6-я «Полацкія пісьмёны» А.​Мдывані, 3-я «Прысвячэнне Сапфо» А.​Соніна). Стварэнне ў 1968 Дзярж. камернага аркестра Беларусі паспрыяла актыўнаму развіццю камерна-аркестравай музыкі: музыка для струнных С.​Картэса, камерная сімфонія А.​Залётнева, сюіта «Мемарыял» У.​Дарохіна, канцэрт для аргана з камерным аркестрам А.​Янчанкі. У жанры інстр. канцэрта побач з дынамічна віртуознымі, вострахарактарыстычным і канцэртам і Г.​Вагнера і Дз.​Камінскага для фартэпіяна, В.​Войціка для кларнета, гратэскна-фантастычным «Капрычас» для фартэпіяна С.​Картэса з’явіліся рамант. сімф. канцэпцыі фартэпіянных канцэртаў Л.​Абеліёвіча і А.​Соніна, канцэртаў для скрыпкі і габоя Г.​Гарэлавай, для віяланчэлі У.​Солтана. Маляўніча-канцэртны стыль вылучае паэмы «Крыжачок», «Бульба» А.​Мдывані, сюіту-жарт «Вясковыя музыкі» і сюіту «Батлейка» В.​Помазава для аркестра нар. інструментаў. У вак.-сімф. і харавых жанрах 1960—80-х г. побач з антываеннай (араторыя «Бітва за Беларусь» А.​Багатырова, кантата «У год сусветнага пажару» Г.​Гарэлавай) вядучымі становяцца тэмы лёсу паэта (манументальныя, шматпланавыя па вобразным змесце араторыі «Памяці паэта» С.​Картэса, «Паэт» Дз.​Смольскага на вершы Я.​Купалы, драм. араторыя «Лісткі календара» А.​Залётнева на вершы М.​Танка) і жыцця бел. народа ў яго абрадах і звычаях (кантаты «Казацкія песні» В.​Войціка, «Трава-мурава» Л.​Шлег, сюіта «Сваток» Р.​Суруса, харавы канцэрт «Прымхі» і харавы цыкл «Снапочак А.​Мдывані, харавыя цыклы «Песні дзявочага кахання» Л.​Захлеўнага і «Вяселле» В.​Кузняцова, харавыя гульні «ладушкі» В.​Кузняцова). Новыя тэндэнцыі ў балеце намецілі кірункі: лірыка-камедыйны Г.​Вагнера («Падстаўная нявеста») і на сучасную тэму Я.​Глебава («Мара»). Напружанае сімф. развіццё характэрна для муз. драматургіі балетаў Я.​Глебава («Альпійская балада» паводле В.​Быкава; «Выбранніца», у 2-й рэдакцыі «Курган» паводле Я.​Купалы; «Тыль Уленшпігель»), Г.​Вагнера («Святло і цені» паводле П.​Броўкі і «Пасля балю» паводле Л.​Талстога), У.​Кандрусевіча («Крылы памяці»). Па заказах замежных т-раў балетныя партытуры стваралі Я.​Глебаў («Маленькі прынц» паводле А.​Сент-Экзюперы, Хельсінкі, паст. 1982; Масква, паст. 1983) і С.​Картэс («Апошні інка», Гавана, паст. 1990). Пачалося аднаўленне опернай паэтыкі, якая ўзбагацілася прыёмамі эпічнага т-ра Б.​Брэхта ў оперна-публіцыстычных дзействах «Джардана Бруна» і «Матухна Кураж» С.​Картэса, «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера паводле В.​Быкава, элементамі сімвалізму ў операх на гіст.-легендарныя сюжэты «Сівая легенда» Дз.​Смольскага і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана паводле У.​Караткевіча. Больш традыцыйныя ў жанрава-драматургічных адносінах оперы Ю.​Семянякі (лірыка-камічная «Калючая ружа», лірыка-эпічная «Зорка Венера», жанрава-бытавая з рысамі драмы «Новая зямля» паводле Я.​Коласа). З’яўляюцца разнавіднасці оперы 20 ст.: камерная «Балаганчык» А.​Янчанкі паводле А.​Блока, тэлеоперы «Ранак» Г.​Вагнера паводле А.​Куляшова і «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага, радыёопера «Барвовы золак» К.​Цесакова паводле І.​Мележа. Адкрыццё ў 1970 дзярж. тэатра муз. камедыі паўплывала на развіццё жанраў аперэты і мюзікла. Доўгае рэпертуарнае жыццё на яго сцэне атрымалі «Паўлінка» Ю.​Семянякі паводле Я.​Купалы, «Несцерка» Р.​Суруса, «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, «Міліянерша» Я.​Глебава.

У бел. камерна-вакальнай музыцы дамінуюць шматпланавыя вак. цыклы маральна-філасофскага зместу, у т. л. «Зямное прыцягненне» Э.​Тырманд і «Закон захавання матэрыі» С.​Картэса на вершы М.​Танка; вак. цыклы А.​Багатырова на вершы П.​Броўкі, Дз.​Смольскага на вершы Я.​Палонскага, 2 сшыткі рамансаў Л.​Абеліёвіча на вершы Ф.​Цютчава. У галіне камерна-інстр. музыкі таксама пераважаюць цыклічныя формы: ансамблі для розных складаў, струнныя квартэты, сюіты, санаты для розных інструментаў, цыклы праграмных мініяцюр. Шырока прадстаўлены «школы» і разнастайныя зборнікі п’ес інструктыўнага характару (найб. папулярныя ў навучальным рэпертуары творы Г.​Вагнера, В.​Карэтнікава, Г.​Гарэлавай, Л.​Шлег, Л.​Мурашкі). Аднаўленне песеннага стылю ў 1960—80-х г. звязана з сінтэзам рыс масавай, лірычнай, бытавой, фалькл., эстраднай песні і раманса. Пашырылася кола стылявых арыенціраў, асіміляваліся эстэтычныя і муз.-тэхнічныя ідэі рок-музыкі, павысіліся патрабаванні да маст. якасцей паэтычнага тэксту. У канцэртнай практыцы 1970-х г. зарадзілася традыцыя цыклізацыі песень у буйныя кампазіцыі, аб’яднаныя агульнай ідэяй (паэма-легенда «Гусляр» І.​Лучанка, паэма «Песня пра долю» на тэксты Я.​Купалы і песенная праграма «Праз усю вайну» У.​Мулявіна). На мяжы 1980—90-х г. створаны поп-опера «Максім» (на вершы М.​Багдановіча) і опера-песня «Беларушчына» (на вершы Я.​Купалы) І.​Паліводы. У жанры песні працавалі І.​Лучанок, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок, У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Мулявін, В.​Раінчык, А.​Чыркун. Заслуга ў прапагандзе бел. песні за межамі Беларусі належала вакальна-інстр. ансамблям «Песняры», «Верасы», «Сябры». Актыўна прапагандавалі нац. музыку ў гэты перыяд філарманічныя калектывы, у т. л. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.​Шырмы, эстрадна-сімф. аркестр і хор Бел. радыё, струнны квартэт Саюза кампазітараў Беларусі. Штогод праводзяцца фестывалі; міжнар. «Беларуская музычная восень» (з 1974) і рэсп. «Мінская вясна» (з 1984). Муз.-выканаўчае мастацтва прадстаўлялі дырыжоры І.​Абраміс, А.​Анісімаў, Я.​Вашчак, М.​Казінец, Т.​Каламійцава, В.​Катаеў, У.​Машэнскі, Б.​Райскі, харавыя дырыжоры М.​Дрынеўскі, В.​Роўда, Ю. і Л. Яфімавы, спевакі З.​Бабій, Л.​Галушкіна, С.​Данілюк, Т.​Ніжнікава, Н.​Руднева, А.​Саўчанка, В.​Чарнабаеў, І.​Шыкунова, скрыпачы Л.​Гарэлік, Р.​Нодэль, піяністы І.​Алоўнікаў, В.​Шацкі, І.​Шуміліна і інш.

т. 18, кн. 2, с. 670

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)