Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПАЎЗЕНЬзвычайны
(Sitta europaea),
птушка атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах, парках, старых садах, трапляецца ў населеных пунктах. Гнёзды ў дуплах. Трымаецца паасобку або парамі. На Беларусі гняздоўны, часткова аселы і вандроўны від.
Даўж. да 16 см, маса да 26 г. Шчыльны склад цела і моцныя лапы з учэпістымі кіпцюрамі прыстасаваны для перамяшчэння па ствалах і галінах дрэў. Корміцца насякомымі, лічынкамі, павукамі, насеннем. Адкладвае да 8 яец, двойчы за лета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРКА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на Пд Азербайджана, у Ленкаранскім р-не. Складаецца з 2 участкаў — асноўнага ў горна-лясным поясе Талыша на хрыбце Улясы (выш. да 1000 м) і раўніннага на Ленкаранскай нізіне. Засн. ў 1936. Агульная пл. Каля 3 тыс.га. Ахоўваецца рэліктавы лес трацічнага перыяду, да 30% відаў раслін у запаведных гаях эндэмікі і рэлікты, генетычна звязаныя з расліннасцю Гімалаяў: жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, граб, бук і інш. У фауне каля 50 наземных відаў малюскаў, буйны рэліктавы матыль брамея; шматлікія рэптыліі і амфібіі; з птушак — падвіды, спецыфічныя для Талыша: стракаты дзяцел, сойка, попаўзень, малінаўка і інш., з млекакормячых — каўказская рысь, дзікабраз, дзік, казуля, каменная куніца, буры мядзведзь, вельмі рэдка леапард.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс.га (у т. л. 15 тыс.га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).
Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.