ПО́ЛАЗЫ сапраўдныя

(Coluber),

род неядавітых змей сям. вужовых атр. паўзуноў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмераным і трапічным паясах Азіі, у Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах. Вельмі рухавыя, добра лазяць па дрэвах і скалах.

Даўж. да 2,4 м. Цела зверху аднаколернае, часам яркае з цёмнымі палосамі і плямамі, знізу светлае. Кормяцца мышападобнымі грызунамі, яшчаркамі, птушанятамі, насякомымі. Ахвяру душаць: абвіваюць кольцамі цела або прыціскаюць да зямлі. Адкладваюць да 40 яец. Да П. сапраўдных блізкія роды П. лазячых (Elaphe, каля 50 відаў, даўж. да 2 м), велікавокіх (Ptyas, каля 10 відаў, даўж. да 3,5 м) і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

Полазы: 1 — жаўтабрухі; 2 — рознакаляровы; 3 — папярочнапаласаты; 4 — аліўкавы.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЯЧЫЯ ПО́ЛАЗЫ,

род паўзуноў сям. вужападобных змей; гл. ў арт. Полазы.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЖО́ВЫЯ (Colubridae),

сямейства змей, 7—8 падсям., больш за 200 родаў, каля 1700 відаў (больш за 60% сучасных змей). Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Наземныя, рыючыя, дрэвавыя, паўводныя і водныя. Найб. вядомыя: вуж звычайны, мядзянка, полазы, страла-змяя. На Беларусі 2 віды — вуж звычайны і мядзянка, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. 10—350 даўж.. Выгляд і афарбоўка разнастайныя. Цела ўкрыта зверху аднароднай гладкай або рабрыстай луской, знізу брушнымі шчыткамі. Зубы шматлікія, у некаторых заднія верхнясківічныя больш буйныя і злучаны з ядавітай залозай. Большасць вужовых яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца беспазваночнымі і дробнымі пазваночнымі. Здабычу душаць або паядаюць жывой. У Чырв. кнізе МСАП 10 відаў.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)